Усе навіны

FIG змяніла вынікі лёсавання на КС з-за трапляння ўкраінак у адну плынь з беларускай Гарнасько

12 красавіка, 12:30

Міжнародная федэрацыя гімнастыкі (FIG) змяніла вынікі лёсавання на другім этапе Кубку свету ў Сафіі з-за трапляння ўкраінак у адну плынь з беларускай падпісанткай за рэжым Алінай Гарнасько.

«Украінская федэрацыя гімнастыкі звярнулася з афіцыйным зваротам да FIG і яе прэзідэнта Марынары Ватанабэ з нагоды недапушчальнасці выступу ў адной плыні на Кубку свету па мастацкай гімнастыцы ў Сафіі, Балгарыя, «індывідуальнай нейтральнай атлеткі» з Беларусі Аліны Гарнасько разам з прадстаўніцамі зборнай Украіны Вікторыяй Анапрыенка і Таісіяй Анафрыйчук.

Такая сітуацыя, нагадаем, павінна адбыцца ў выніку лёсавання напярэдадні старту спаборніцтваў.

Пасля разгляду сітуацыі кіраўніцтва FIG прыняло рашэнне пайсці на сустрэчу УФГ і змяніць сваё рашэнне.

Іншыя нацыянальныя федэрацыі, якія прымуць удзел у Кубку свету, пярэчанняў не выказалі. «Індывідуальная нейтральная атлетка» з Беларусі была пераведзена ў іншую плынь.

Украінская федэрацыя гімнастыкі дзякуе Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі за тое, што мы былі пачутыя», – паведаміла УФГ.

Спаборніцтвы пройдуць з 12 па 14 красавіка.