Усе навіны

Трэнер зборнай па цяжкай атлетыцы Лобан: «8 траўня пададзім заяўку на ліцэнзійныя спаборніцтвы. Калі IWF яе не прымае, то мы не праходзім кваліфікацыю – нядопуск на АГ»

4 траўня 2023, 11:58

Старшы трэнер зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы Алег Лобан расказаў пра апошні шанец каманды трапіць на Алімпійскія гульні-2024 у Парыжы.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.

– Сітуацыя вельмі простая: 8 мая мы пададзім заяўку на ліцэнзійныя спаборніцтвы на Кубе. Калі ў Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі яе не прымаюць, то кваліфікацыйны адбор прайсці не зможам, і значыць, нас дакладна не дапусцяць на Алімпіяду. Сам жа турнір у Гаване стартуе 8 чэрвеня.

– Як выглядае дарожная карта беларускіх цяжкаатлетаў на гэты год?

– У гэтым годзе ў нас дастаткова спаборніцтваў. Праз 35 дзён пасля заканчэння чэмпіянату Беларусі адбудзецца чэмпіянат Расіі, у якім прымуць удзел і нашы спартсмены. Галоўны старт сезона і года – II Гульні краін СНД. Нацыянальная зборная будзе прадстаўлена ў поўным складзе. 10 мужчын і 10 жанчын адбяруцца на чэмпіянаце краіны, – сказаў Лобан.