Tribuna/Хакей/Блогі/Матч экс-клуба Шаранговіча ператварыўся ў пабоішча: олдскульная масавая бойка і вельмі шмат выдаленняў

Матч экс-клуба Шаранговіча ператварыўся ў пабоішча: олдскульная масавая бойка і вельмі шмат выдаленняў

Заварушка пачалася ўжо на другой секундзе сустрэчы

Аўтар — Mojše Kulbak
4 красавіка, 22:52
Матч экс-клуба Шаранговіча ператварыўся ў пабоішча: олдскульная масавая бойка і вельмі шмат выдаленняў

4 красавіка клуб «Нью-Джэрсі Дэвілз», за які раней выступаў беларус Ягор Шаранговіч, саступіў «Рэйнджэрс» (3:4). Але ў першую чаргу матч запомніўся падзеямі, якія адбываліся на самым яго пачатку. Ужо на другой секундзе гульні каманды ўчынілі масавую бойку ў фармаце 5 на 5.

Патасоўку пачаў абаронца «Нью-Джэрсі» Кёрціс Макдэрмід. Справа ў тым, што за апошнія паўтара месяца напададнік «Рэйнджэрс» Мэт Рэмпэ траўміраваў двух гульцоў «Дэвілз»: 23 лютага нанёс пашкоджанне Натану Бастыяну, а 14 сакавіка давёў да страсення мозгу Ёнаса Зігенталера. Такім чынам, учыніўшы бойку, аднаклубнік пакалечаных вырашыў адпомсціць.

На стартавым укідванні Макдэрмід заняў месца на межах цэнтральнага круга – каб быць побач з Рэмпэ. Адразу па ўкідванні пачалася бойка, якую падхапілі ўсе гульцы абедзвюх каманд, акрамя брамнікаў. Агулам сутыкненне працягвалася 72 секунды. Спачатку Рэмпэ ледзь не зваліўся, але ў апошні момант утрымаўся на нагах. Макдэрмід працягваў біцца, пакуль суддзі не разнялі гульцоў. Восем з дзесяці хакеістаў выключылі да канца матча.

Але гэтым усё не скончылася. Наступная сутычка адбылася праз 4,5 хвіліны: Доўсан Мерсер счапіўся з Уілам Кайле. Форвард «Нью-Джэрсі» Мерсер палічыў, што за імгненне да гэтага супраць яго партнёра згулялі не па правілах. У выніку адбыўся самы грубы перыяд за апошнія 10 гадоў – гульцы сабралі ажно 162 хвіліны штрафу.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты