Усе навіны

Вадналыжнік Шпак пра вайну: «Зразумеў, калі будзе выбух – ты або адкрыеш вочы, або ніколі не прачнешся. Стаўлюся да гэтага спакайней, чым раней»

6 чэрвеня, 12:13

Беларускі вадналыжнік Сцяпан Шпак, які з-за палітычнай сітуацыі ў Беларусі вымушана пераехаў ва Украіну, расказаў Telegram-каналу «О, спорт! Ты – мир!» пра тое, як стаў ставіцца да выбухаў амаль праз паўтара года з пачатку вайны ва Украіне.

– Ад таго дома ў Дняпры, куды прыляцела ракета вы знаходзіліся ў паўкіламетры. Ці было ўсведамленне, што 14 студзеня магло стаць вашым апошнім днём у жыцці?

– Не было. Вы ведаеце, з часам, жывучы ва Украіне падчас вайны, зразумеў, што калі будзе выбух, то ты альбо расплюшчыш вочы, альбо ўжо ніколі не прачнешся. Я так да гэтага стаўлюся, груба кажучы, ужо больш разважліва і спакойна, чым раней.

Хаця ў выніку гэтага прылёту загінуў трэнер па боксе [Міхаіл Каранеўскі]. Яго жонка да гэтага часу працуе інструктарам у фітнес-клубе, у якім я займаюся. Яе выратавала толькі тое, што яна з дзецьмі пайшла гуляць у парк, а ракета ў гэты час прыляцела якраз у яе кватэру. Муж знаходзіўся там. Асабіста яго не ведаў, але чуў. У Дняпры, у тым раёне, многія яго ведалі: нехта ў яго трэніраваўся, нехта проста быў знаёмы.

– У той момант не пашкадавалі, што вярнуліся ў Днепр?

– Тады толькі парадаваўся, што жонка і сын не побач, што яны гэтага не бачылі і не чулі. Але аб сваім вяртанні ніколькі не шкадаваў. Ведаеце, я ж, калі вярнуўся ў жніўні, у першую ж ноч тады прыляцела ў горад. І мне знаёмыя пісалі, што так мяне віншуюць з прыездам.

Ні пасля гэтага, ні ў студзені жадання вярнуцца ў Еўропу не было. Тым больш я стаў членам Украінскай федэрацыі вадналыжнага спорту, і калі б з'ехаў у ЕС, то ўсе мае намаганні былі б бессэнсоўнымі. Вырашыў, што ў любым выпадку працягну дапамагаць Украіне і віду спорту дасягаць высокіх паказчыкаў.

– Вы спалі ў ноч на 15 студзеня?

– Спаў, але калі засынаў, у вачах стаяла полымя. Не гук выбуху, а менавіта полымя пасля выбуху. Заплюшчваў вочы і бачыў перад сабой той выбліск.

– Гэта самы страшны дзень у вашым жыцці?

– Калі казаць пра тое, наколькі блізкая была смерць, так, самы страшны. А ўвогуле страшна кожны дзень, – сказаў Шпак.