Усе навіны

У Польшчы затрыманы футбольныя фанаты, якія нелегальна ўвозілі ў краіну цыгарэты з Беларусі

25 красавіка, 13:33

Паліцыя сілезскага ваяводства паведаміла аб затрыманні чатырох чалавек, якія нелегальна ўвозілі і распаўсюджвалі ў Польшчы цыгарэты з Беларусі, Украіны і Расіі, усе чацвёра звязаны з коламі футбольных хуліганаў.

Паліцыя сумесна з супрацоўнікамі мытні і падатковай службы з Кракава затрымала ўдзельнікаў злачыннага бізнэсу, правёўшы ператрусы па чатырох адрасах, дзе жылі падазраваныя. У адной з кватэр следчыя канфіскавалі наяўныя грошы на суму 80 тыс. злотых.

Па версіі следства, галоўны лідар групы, 36-гадовы мужчына, каардынаваў увоз больш за 4 мільёны штук цыгарэт без польскіх акцызных марак і 1900 кілаграмаў нарэзанага тытуню, у выніку чаго агульная шкода дзяржаўнай казны склала амаль 7,3 мільёнаў злотых.

Зламыснікам ад 36 да 61 года, у ліку затрыманых – адна жанчына.

Па прад'яўленым абвінавачанні, ім пагражае пакаранне да 8 гадоў пазбаўлення волі, лідару злачыннай групы пагражае да 15 гадоў.