Усе навіны

Пяціборац Марук пра Кубак свету: «Калі б я быў па той бок, я б баяўся беларускую каманду»

6 лютага, 14:25

Пераможца Кубка Беларусі па сучасным пяціборстве Максім Марук падзяліўся меркаваннем аб удзеле ў Кубку свету. Беларускую каманду дапусцілі ў нейтральным статусе.

– Я гатовы на ўсе сто, а як па-іншаму? Туды ехаць трэба перамагаць. Тое, што наша каманда з чатырох чалавек не адстала за гэтыя два гады, мы будзем паказваць, даказваць і здзіўляць.

Калі б я быў па той бок, я б баяўся беларускую каманду. Алімпіец Ілля Палазкоў, Яўген Арол, мне самому страшна, – сказаў Марук.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.