Tribuna/Тэніс/Блогі/Вось як Сабаленка можа пазмагацца за два медалі АГ-2024 – ёсць варыянты не толькі з Азаранка

Вось як Сабаленка можа пазмагацца за два медалі АГ-2024 – ёсць варыянты не толькі з Азаранка

Але рэжымнікі заклапочаныя зусім іншым.

9 сакавіка, 13:00
1
Вось як Сабаленка можа пазмагацца за два медалі АГ-2024 – ёсць варыянты не толькі з Азаранка

6 сакавіка Міжнародная федэрацыя тэніса (ITF) пацвердзіла, што дапусціць беларускіх і расійскіх тэнісістаў да хуткай Алімпіяды (і Параалімпіяды) у Парыжы. У цэлым допускам займаецца МАК – але крытэрыі распрацоўваюць федэрацыі, і ITF фактычна пацвердзіла, што не будзе перашкаджаць. Больш за тое, федэрацыя яшчэ раз удакладніла, што допуск тычыцца ўсіх разрадаў – і адзіночнага, і парнага (у яго ўваходзяць мужчынскія, жаночыя і мікст-дуэты). Увогуле, на АГ усё будзе так, як у цэлым у тэнісе – там беларускія і расійскія спартсмены, хоць і ў нейтральным статусе, працягваюць выступаць ва ўсіх разрадах (у тым ліку ў парах адзін з адным) на ўсіх турнірах.

Праўда, у адказ на вайну Расіі ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі ITF два гады таму забаніла беларускія і расійскія зборныя ў камандных спаборніцтвах – Кубку Дэвіса, Кубку Білі Джын Кінг і іншых – з прыпыненнем членства федэрацый дзвюх краін. А на АГ абодва напарнікі ў тэнісным дуэце павінны быць з адной краіны – па агульным прынцыпе алімпійскага прадстаўніцтва. Таму пытанне, ці будуць пары на АГ лічыцца «камандамі», заставалася адкрытым – але зараз ITF ясна паказала, што не ўспрымае іх такімі.

Гэта адкрывае новыя гарызонты для беларускіх тэнісістак у Парыжы. Туды ў адзіночным разрадзе з запасам трапляюць Арына Сабаленка (№2 WTA) і Вікторыя Азаранка (№30 WTA). Для адбору ў адзіночным разрадзе трэба быць у топ-56 сусветнага рэйтынгу на 10 чэрвеня – і Сабаленка наўрад ці апусціцца ніжэй за планку, нават калі наогул перастане гуляць на тры месяцы. Азаранка, хутчэй, за вясну можа падняцца ў рэйтынгу, таму што вясной 2023-га ні на адным турніры не праходзіла далей за другi круг – цяпер «згараць» па ачках практычна няма чаму, а набіраць іх, пераўзыходзячы мінулыя вынікі, цалкам рэальна.

Так, у ITF ёсць патрабаванне наконт матчаў за зборную ў 2023-24 гадах, але прапісаны і варыянт абыходу – а пазіцыя федэрацыі дае зразумець, што відавочна пойдуць насустрач Сабаленка і Азаранка. Тэарэтычныя шанцы на Парыж-2024 захоўвае і Аляксандра Сасновіч (№ 97 WTA) – у выпадку вялікай колькасці адмоўнікаў, траўміраваных і пятых-шостых «лішніх» (ад адной краіны ў «адзіночцы» АГ-2024 не можа быць больш за чатыры тэнісісткі).

Пры гэтым беларускім тэнісісткам дастаткова лёгка трапіць і ва ўдзельнікі парнага разраду. Там 32 месцы для дуэтаў, адно аддаюць гаспадарам, яшчэ 10 – лідарам парнага рэйтынгу на 10 чэрвеня (кожная з дзяўчат можа запартнёрыцца з кім заўгодна са сваёй краіны з элементарнымі мінімальнымі патрабаваннямі). А яшчэ 21 пара дабіраецца па «камбінаваным рэйтынгу» – гэта значыць складаюцца месцы двух удзельніц дуэта. І самае выдатнае – месцы гэтыя можна браць як з парнага, так і з адзіночнага разраду (ён нават у прыярытэце пры роўнасцях).

Падсумоўваем другое месца Сабаленка з 30-м Азаранка ў «адзiночцы» – атрымліваем 32. Пар з меншым «камбінаваным» чыслом на дадзены момант набярэцца максімум пяць – і гэта калі ўсе іх патэнцыйныя ўдзельніцы захочуць гуляць менавіта ў такіх дуэтах. Нават калі пазіцыі беларускіх тэнісістак пагоршацца, ім вельмі наўрад ці пагражае вылет з ліку 21 найлепшай «камбінацыі» (тым больш на АГ могуць згуляць максімум дзве пары ад краіны).

Больш за тое, Сабаленка пры жаданні можа паспрабаваць зрабіць дуэт з якой-небудзь іншай напарніцай – сяброўка Лідзія Марозава, з якой гулялі ў Аўстраліі ў 2023-м, Сасновіч і яшчэ адна беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч трымаюцца ў восьмым дзясятку парнага разраду, чаго разам з адзіночным рэйтынгам Сабаленкі цалкам можа хапіць для траплення ва ўдзельнікі АГ (тым больш да лета месцы можна палепшыць).

Зрэшты, Сабаленка і Азаранка ўжо гулялі ў пары. Упершыню гэта здарылася ў 2018 годзе на турніры ў Індыян-Уэлсе – у першым раўндзе яны здолелі прайсці канадска-амерыканскі дуэт Эжэні Бушар і Слоан Стывенс, але ў другім саступілі расіянкам Алене Веснінай і Кацярыне Макаравай. У тым жа годзе быў турнір WTA 1000 у Маямі і паражэнне ў першым раўндзе ад украіна-нямецкай пары Леся Цурэнка – Таццяна Марыя.

У 2019 годзе Беларусь у паўфінале Кубка Федэрацыі (папярэдніка Кубка Білі Джын Кінг) гуляла з Аўстраліяй – усё звялося да вырашальнага парнага матчу, дзе Сабаленка і Азаранка прайгралі Эшлі Барці і Саманце Стосур.

А ў чэрвені 2021-га Сабаленка і Азаранка зноў усталі ў пару – і дамагліся поспеху, узяўшы турнір WTA 500 у Берліне. На шляху да тытула было чатыры перамогі – былі пройдзеныя чэшкі Караліна Плішкава і Караліна Мухава, харватка Петра Марціч і амерыканка Шэлбі Роджэрс, канадка Шэран Фічмен і мексіканка Джуліяна Олмас ды амерыканка Ніколь Мелічар і нідэрландка Дэмі Схюрс.

Пасля таго турніру разам Сабаленка і Азаранка не выступалі – але з іншымі напарніцамі перыядычна гулялі на розных турнірах. Чаму б і не паспрабаваць уз'яднацца?

Зрэшты, рэжымны кіраўнік беларускай тэніснай федэрацыі Сяргей Рутэнка заклапочаны іншым. Пра Сабаленку і Азаранку ён узгадаў зусім нядаўна, расказваючы, што Спартыўны арбітражны суд (CAS), які з 2022-га разглядаў апеляцыю БТФ на бан ад ITF, 9 лютага 2024-га адхіліў прэтэнзіі рэжымнікаў. На прэс-канферэнцыі Рутэнка казаў, што рашэнне CAS, як і само адхіленне, лічыць несправядлівым, а таксама паскардзіўся, што ITF нічога не адказвае на лісты з Беларусі з просьбамі-патрабаваннямі пакрыць «шкоду» ад санкцый, якія рэжымнікі ацэньваюць у мільён долараў, не тлумачачы, як налічылі гэтую суму.

А ў плане АГ-2024 Рутэнка вельмі заклапочаны, хто забяспечыць «пражыванне і харчаванне» Азаранка і Сабаленка – нагадаем, гаворка пра доларавых мільянерак.

«Калі мы гаворым пра нейтральныя статусы, то хто тады будзе арганізоўваць пераезд спартсменаў, утрыманне і гэтак далей? Мы [у ITF] адправілі ліст з усімі хвалюючымі на гэты конт пытаннямі недзе 27 лютага. Ніякага адказу не паступала», – наракаў Рутэнка.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты