Tribuna/Футбол/Блогі/БАТЭ падпісаў афрыканца, якога вельмі любілі дзеці ў Жодзіне, патроліўшы «Гомель» за выпадак у еўракубках

БАТЭ падпісаў афрыканца, якога вельмі любілі дзеці ў Жодзіне, патроліўшы «Гомель» за выпадак у еўракубках

Маўляў, у Барысаве няма праблем з формай.

26 красавіка, 11:00
БАТЭ падпісаў афрыканца, якога вельмі любілі дзеці ў Жодзіне, патроліўшы «Гомель» за выпадак у еўракубках

Увечары 24 красавіка БАТЭ аб'явіў пра падпісанне Яна Афі. Барысаўцы шукалі ўзмацненне ў цэнтр абароны ў сувязі з тым, што Сідзі Банэ неўзабаве мусіць сысці (размовы пра французскі «Ланс» усё грамчэйшыя).

Афі для беларускага чэмпіянату фігура не новая. Упершыню івуарыец прыехаў у нашу краіну летам 2017-га і паспеў пагуляць за «Тарпеда-БелАЗ», брэсцкае «Дынама» і «Гомель». Расказваем галоўныя факты пра 28-гадовага цэнтральнага абаронцу.

Не займаўся ў футбольнай школы

Афі нарадзіўся ў Кот-д'Івуары ў мястэчку Цьебісу, а ў трохгадовым узросце разам з сямʼёй перабраўся ў 240-тысячны Ямусукра. Да 14 у футбольных школах не навучаўся, гуляючы проста на вуліцы – пакуль не прайшоў прагляд і не апынуўся ў «Рэнесансе», які выступаў у адной з мінорных ліг.

Першы прафесійны клуб Афі – «Танда», дзе ён правёў два сезоны (2013-15). Затым перабраўся ў «Ганьёа», дзе быў аж да лета 2017-га, пакуль яго не заўважыў агент Яўген Гайдук і прапанаваў варыянты ў Беларусі. Спачатку абаронца спрабаваў сябе ў мінскім «Дынама», але заключыць кантракт не ўдалося. Тады Гайдук прапанаваў прагледзець афрыканца трэнеру «Тарпеда-БелАЗ» Алегу Кубараву. У выніку футбаліст падпісаў дамову з «аўтазаводцамі».

Цяжкае дзяцінства

Афі вырас у шматдзетнай сям'і. У яго тры браты і сястра. Калі Афі было 5-6 гадоў, памёр яго бацька, і ўсе абавязкі па ўтрыманню сямʼі ляглі на маці. Калі Яну споўнілася 16, яго сямʼю напаткала яшчэ адна трагедыя – праз хваробу памерла і мама. Дзеці сталі жыць з бабуляй. А перад Афі паўстаў выбар – сурʼёзна займацца футболам ці налегчы на вучобу ў школе. Сямʼі трэба было тэрмінова дапамагаць фінансамі, таму Ян абраў спорт, а на момант свайго першага прыезду ў Беларусь ён усё яшчэ не меў атэстата аб сярэдняй адукацыі.

Афі працягваў дапамагаць сваёй сямʼі і пасля прыезду ў Беларусь. Перакладчык «Тарпеда-БелАЗ» Аляксандр Грэчны распавядаў, што афрыканец заўсёды адпраўляў сваякам на Радзіму большую частку заробку.

Вясёлыя гісторыі з адаптацыяй

За два з паловай гады ў «Тарпеда-БелАЗ» Афі правёў 44 матчы і выніковымі дзеяннямі не вызначыўся, але запомніўся некалькімі забаўнымі гісторыямі.

Аднойчы івуарыец ледзь не спазніўся на трэнінг праз тое, што не змог адчыніць дзверы ў пад'езд – не даў рады дамафону. У выніку ён патэлефанаваў Грэчнаму, а той параіў званіць ва ўсе дзверы. Да Афі выйшла бабуля, якая вельмі здзівілася, убачыўшы афрыканца. Але зразумеўшы сітуацыю, засмяялася і дапамагла.

Яшчэ адна гісторыя здарылася ў банку, калі Афі хацеў зрабіць перавод грошай сямʼі. Ян разам з Грэчаным прыйшлі ў адно з аддзяленняў, дзе маладая касірка спытала, куды яны хочуць адправіць грошы. Тыя адказалі, што ў Кот-д’Івуар. Дзяўчына доўга шукала краіну ў камп’ютары, а потым сказала, што такой краіны няма. Тады Грэчны прапанаваў касірцы пашукаць Бераг Слановай Косці, а ў адказ пачуў: «Мужчына, вы ўсё ж вызначыцеся – вам грошы перасылаць туды ці туды?»

Любімчык жодзінскіх дзяцей

Падчас аднаго з трэнінгаў асноўны склад «Тарпеда-БелАЗ» займаўся на штучным полі, а побач трэнаваліся дзеці з жодзінскай ДзЮСШ. Малых зацікавіў Афі, той адказаў узаемнасцю – і панеслася. Дзеці не давалі праходу афрыканцу, часам нават тэлефануючы яму ў дамафон і грукаючы ў дзверы. Але той не крыўдзіўся – частаваў малых папкорнам і нават вадзіў у піцэрыю:

Брэсцкае «Дынама», «Гомель» і Кубак Беларусі

Пасля сезона-2019 Афі год не гуляў у футбол, а форму падтрымліваў на Радзіме ў «Ганьёа». У лютым 2021-га вярнуўся ў Беларусь і падпісаў кантракт з брэсцкім «Дынама», якое вучылася жыць без Аляксандра Зайцава. У Брэсце ён быў асноўным абаронцам, правёў 22 гульні ў чэмпіянаце і Кубку, вызначыўся дзвюма галявымі перадачамі. А яшчэ дэбютаваў у еўракубках – цалкам адгуляў абодва матчы 2-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі Канферэнцый з чэшскай «Вікторыяй», у якіх «Дынама» саступіла з аднолькавым лікам 1:2.

У 2022-м адбыўся пераход у «Гомель» Уладзіміра Нявінскага. Там Афі забіў дэбютны мяч у прафесійнай кар'еры, які прынёс перамогу над «Белшынай» (3:2):

А яшчэ ў «Гомелі» Афі выйграў свой адзіны трафей на прафесійным узроўні, стаўшы ўладальнікам Кубка Беларусі. Фінальны матч з БАТЭ івуарыец правёў поўнасцю.

Эпізод з майкай

У 2022-м «Гомель» гарантаваў сабе ўдзел у еўракубках ужо пасля выхаду ў фінал (у ЧБ-2021 каманда заняла 4-е месца, а БАТЭ ў тым жа розыгрышы быў 2-м), а Афі згуляў у Лізе Канферэнцый другі год запар. Праўда, яго каманда зноў адразу вылецела – «Гомель» нічога не змог супрацьпаставіць грэцкаму «Арысу» (1:5, 1:2).

Афі тыя гульні правёў цалкам, а больш за ўсё абаронца запомніўся эпізодам у матчы ў адказ, пасля якога да яго падышоў суайчыннік з «Арыса» паўабаронца Шэйк Дукурэ і прапанаваў абмяняцца футболкамі. Афі мяняцца не стаў, нешта растлумачыўшы. Што менавіта? Вельмі верагодна, што камплекты гульнявой формы ў «Гомелі» былі абмежаваныя. Зрэшты, Дукурэ сітуацыю зразумеў і аддаў сваю майку проста так.

Той эпізод прадвызначыў прэзентацыю Афі ў БАТЭ. На роліку івуарыец адпраўляе пасылку Дукурэ, якую суправаджае тэкстам: «Дарагі сябар, Шэйк Дукурэ. Са спазненнем шлю табе сваю майку». На відэа ў каробку ўкладваецца гульнявая майка Афі з 55-м нумарам у барысаўскім клубе:

У выніку за «Гомель» івуарыец сумарна ва ўсіх турнірах адгуляў 31 матч, у якіх забіў адзін мяч і вызначыўся дзвюма галявымі перадачамі.

Сезон у Фінляндыі

Дагуляўшы сезон-2022 з «Гомелем», Афі змяніў чэмпіянат і 2023 год пачаў у фінскай «Оулу». З гэтай камандай ён быў за крок ад заваявання Кубка лігі (у фінале саступілі самаму тытулаванаму клубу краіны «ХІК» 1:2), і ў двух ад перамогі ў Кубку краіны (у паўфінале не прайшлі будучага пераможцу «Ільвес» 0:1). У чэмпіянаце «Оулу» заняў 7-е месца, а Афі ў сустрэчы з «Лахці» вызначыўся другім забітым мячом у кар'еры. (адзнака 5:01):

За сезон у «Оулу» абаронца паспеў паўдзельнічаць у 36 матчах, большасць з якіх гуляў ад званка да званка, і акрамя гола вызначыўся двума галявымі перадачамі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты