Tribuna/Футбол/Блогі/Дазналіся, што з гульцом «Мінска», які ўсіх напалохаў у апошнім туры (уляцеў у агароджу, голасна крычаў, сам не падняўся)

Дазналіся, што з гульцом «Мінска», які ўсіх напалохаў у апошнім туры (уляцеў у агароджу, голасна крычаў, сам не падняўся)

На шчасце, найгоршага не адбылося, але стадыён – небяспечны.

8 траўня, 14:07
Дазналіся, што з гульцом «Мінска», які ўсіх напалохаў у апошнім туры (уляцеў у агароджу, голасна крычаў, сам не падняўся)

«Мінск» і «Нафтан» – адзіныя каманды гэтага сезона ЧБ, якія яшчэ не перамагалі. У 7-м туры калектывы пацярпелі хатнія паразы – сталічны саступіў «Тарпеда-БелАЗ» (1:2), наваполацкі – «Дняпру» (0:2).

Прычым паразы – не адзіныя непрыемнасці, якія здарыліся з гэтымі камандамі ў апошніх матчах. У Наваполацку госці адкрылі лік пасля прывозу Ігната Сідара, якога адразу ж замянілі. Аднак, як аказалася пазней, на эпізод паўплывала цяжкая траўма наваполацкага абаронцы – пасля гульні ў яго дыягнаставалі разрыў ахілава сухажылля. Па апошняй інфармацыі, Сідара ўжо прааперавалі. Прагназуемы тэрмін вяртання – ад 4 да 6 месяцаў.

У Мінску ж усіх напалохаў Сямён Пяньчук. На 5-й хвіліне матчу форвард «гараджан» пасля сілавога прыёму абаронцы «Тарпеда-БелАЗ» Дзяніса Лявіцкага, які, зрэшты, не быў грубым, вылецеў за межы поля і ўрэзаўся ў жалезную агароджу. Пяньчук гульню працягнуць не змог:

Падчас сутыкнення з агароджай нападнік голасна закрычаў і сам падняцца не змог – поле пакінуў на насілках.

Лекары не змаглі адразу паставіць дыягназ, мелі падазрэнні, што ў гульца пералом. Пасля матчу за Пеньчука пераймаўся і галоўны трэнер «Мінска» Арцём Чалядзінскі, якога, што натуральна, вельмі засмуціла траўма падапечнага, і хаўбек «Тарпеда-БелАЗ» Вадзім Пабудзей, які знаходзіў побач падчас эпізоду. Гулец «аўтазаводцаў» звяртаў увагу на занадта блізкае знаходжанне агароджы да газона на сталічным спартыўна-аздараўленчым комплексе «Алімпійскі», і зазначаў, што з боку Лявіцкага не было грубасці. Вось як Пабудзей небяспечны момант:

«Пяньчук наткнуўся каленам на жалезную агароджу на вялізнай хуткасці – так крычаў, што… Спадзяюся, усё абыдзецца без сур'ёзных наступстваў», – сказаў хаўбек жодзінцаў.

Пабудзей цалкам слушна звярнуў увагу на небяспечную адлегласць жалезнай агароджы да газона. Гэта ведаюць і профі, і аматары, якія гуляюць на САК «Алімпійскі». Пагроза такіх інцыдэнтаў падчас матчаў і трэнінгаў узнікае рэгулярна.

Як даведалася «Трыбуне», Пяньчук ужо прайшоў абследаванне, якое паказала, што пералому няма. Але нага па-ранейшаму апухлая, трэнавацца футбаліст не можа. Цяпер у камандзе чакаюць, пакуль пухліна сыдзе, каб зрабіць МРТ. Толькі пасля гэтага дыягназ стане вядомы, як і прыкладныя тэрміны па аднаўленню.

Пяньчук з'яўляецца выхаванцам «Мінска», дзе пачаў займацца футболам у 5 гадоў. За першую каманду дэбютаваў у сезоне-2020 у матчы супраць «Смалявічаў» (4:0) – выйшаў на поле на 87-й хвіліне, а на 90+2-й вызначыўся першым голам на дарослым узроўні (адзнака 2:33):

Нягледзячы на ўдалы дэбют, у аснову Пяньчук доўгі час не мог прабіцца – больш-менш стабільны гульнявы час атрымаў у апошніх сямі турах чэмпіянату-2021 (за шэсць матчаў нагуляў 325 хвілін), чаму, верагодна, паспрыяў дубль у вароты брэсцкага «Дынама» ў 25-м туры таго першынства,. У гэтым сезоне нападнік за шэсць матчаў мае 226 хвілін. Агулам з 2020-га Пяньчук правёў за «Мінск» 33 матчы (у большасці выходзіў на замену), у якіх вызначыўся чатырма галамі і адной галявой перадачай.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты