Tribuna/Футбол/Блогі/10 кашмараў для заўзятараў «Манчэстэр Юнайтэд», якія здарыліся за адзін вечар. Горш ужо не будзе

10 кашмараў для заўзятараў «Манчэстэр Юнайтэд», якія здарыліся за адзін вечар. Горш ужо не будзе

Катастрофа ў чырвонай частцы Манчэстэра.

7 траўня, 14:30
10 кашмараў для заўзятараў «Манчэстэр Юнайтэд», якія здарыліся за адзін вечар. Горш ужо не будзе

Панядзелак 6 траўня надоўга запомніцца ўсім заўзятарам «МЮ», хаця лепш пра такія дні наогул не ўспамінаць. Каманда Эрыка тэн Хага ў 36-м туру АПЛ разгромна саступіла на выездзе «Крыстал Пэлас» 0:4 і ўстанавіла шэраг непрыемных для сябе дасягненняў.

Пачнем з таго, што параза стала ўжо 13-й у чэмпіянаце – гэта клубны антырэкорд часоў АПЛ. У сезонах 2013/14 і 2021/22 каманда прайгравала па 12 разоў. Найгоршы ж вынік у гісторыі «МЮ» – 16 паразаў у сезоне 1989/90, і прэм'ер-лігі ў тыя часы яшчэ не было.

У цэлым, ва ўсіх турнірах сезона манкуніянцы прайгралі ўжо 18 матчаў – найгоршы вынік з 1978 года.

«Чырвоныя д'яблы» прапусцілі 81 мяч ва ўсіх турнірах гэтага сезона, што зʼяўляецца найгоршым паказнікам за апошнія 48 гадоў! У сезоне 1976/77 таксама пусцілі 81, але ў нашым выпадку яшчэ не вечар – наперадзе 4 матчы.

«МЮ» за ўсю гісторыю прэм'ер-лігі ніколі не апускаўся ніжэй за 7-е месца. Найгоршы сезон за ўсе гэтыя гады – якраз сёмае месца пры Дэвідзе Моесе ў чэмпіянаце 2013/14. Тады каманда набрала 64 балы – сёлета манкуніянцы ўжо дакладна не возьмуць столькі.

Калі браць пад увагу ўсю гісторыю англiйскага футбола, то горшае месца, чым цяпер, было ў сезоне 1989/90 – «МЮ» тады стаў 13-м. Праўда, усё роўна патрапіў у еўракубкі праз перамогу ў Кубку. Цяпер жа клуб рызыкуе не згуляць у Еўропе.

За ўсю гісторыю АПЛ «Юнайтэд» прайграў толькі 8 выязных матчаў з розніцай у 4 мячы і больш. Тры выпадкі з васьмі – часы кіравання Эрыка тэн Хага:

0:7 vs «Ліверпуль», 2022/23

0:4 vs «Брэнтфард», 2022/23

0:4 vs «Крыстал Пэлас», 2023/24

Упершыню прайгралі «Пэлас» абодва матчы чэмпіянату. У першым коле было 0:1 ўдома.

«МЮ» упершыню ў гісторыі прайграў пяць выездаў у Лондане за сезон.

Каземіра ў матчы з «Пэлас» абгулялі 8 разоў – гэта антырэкорд АПЛ у гэтым сезоне. Асабліва ўсе адзначаюць эпізод у першым тайме, калі Майкл Алісе пакінуў у дурнях зорнага бразільца.

Яшчэ за некалькі гадзін да матчу стала вядома, што праз пашкоджанне не згуляе капітан «МЮ» Бруну Фернандэш. Да чорнага панядзелка Бруну за 12 гадоў не прапусціў ніводнай гульні праз траўму – такіх матчаў набегла ўжо 832. На жаль, серыя перапынілася.

Нягледзячы на прыніжэнне, гульцы «Юнайтэд» пасля фінальнага свістка ўсё ж падышлі да сектара ўласных заўзятараў, каб папрасіць прабачэння. Адзіны, хто гэтага не зрабіў – галоўны трэнер Эрык тэн Хаг.

Нідэрландзец адразу пайшоў на прэс-канферэнцыю, дзе скардзіўся на страты ў ростары, а таксама адзначыў тых самых фанатаў клуба: «Я вельмі ўдзячны заўзятарам, якія нас падтрымлівалі. Яны таксама бачаць, што мы маем праблемы. Трэба трымацца разам. А яшчэ трэба ўзяць на сябе адказнасць за паразу».

Заўзятары пачалі патрабаваць адстаўкі галоўнага трэнера. Тое, што тэг Хаг сыдзе ўлетку – ні для каго не сакрэт, іншае пытанне – ці дацягне ён да канца сезона.

У «МЮ» наперадзе яшчэ 4 гульні. Тры матчы чэмпіянату з «Арсеналам», «Ньюкаслам» і «Брайтанам», а таксама фінал Кубка Англіі з суседзямі з «Сіці».

Фота: Setanta

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты