Tribuna/Тэніс/Блогі/Галоўны спартыўны фільм вясны – «Супернікі» з Зендаяй. Ён пра тэніс і сэкс

Галоўны спартыўны фільм вясны – «Супернікі» з Зендаяй. Ён пра тэніс і сэкс

Асцярожна – спойлеры.

8 траўня, 12:19
Галоўны спартыўны фільм вясны – «Супернікі» з Зендаяй. Ён пра тэніс і сэкс

У сусветны кінапракат выйшла стужка італьянскага кінарэжысёра Лукі Гуаданьіна «Супернікі». Галоўную ролю ў фільме сыграла зорка «Эйфарыі» і «Дзюна» Зендая.

Гуаданьіна зняў адзін з самых істотных і адкрыта эратычных фільмаў за апошні час – і ўсё гэта без нейкай відавочнай сэксуальнай сцэны. Галоўнай метафарай на сэкс у стужцы выступае тэніс.

Калі вы любіце тэніс, сэкс, або і тэніс, і сэкс, то тады гэты фільм з'яўляецца абавязковым да прагляду.

Далей чытайце асцярожна – спойлеры.

Пра што фільм?

У цэнтры сюжэту «Супернікаў» гісторыя пра жаданне, любоў, уладу і ўзаемазалежнасці паміж трыма адоранымі маладымі спартсменамі. Зендая гуляе ролю былой суперзоркі тэніса Ташы Дункан, якая ў юнацтве мела вялікая перспектывы, але спыніла карʼеру з-за траўмы.

Пасля асабістай драмы Ташы з галавой пагрузілася ў трэнерства і ператварыла свайго мужа Арта Дональдсана з пасрэднага гульца ў чэмпіёна турніраў Вялікага шлема. Пасля шэрагу паражэнняў Арт спрабуе вярнуцца ў гульню праз слабы турнір ўзроўню «Чэленджэр». І тут ён сустракае Патрыка, свайго былога найлепшага сябра і былога хлопца Ташы.

У гэты момант напружанне максімальна ўзрастае, бо ў юнацтве ўсе трое былі часткай любоўнага трыкутніка.

Фільм пачынаецца з фінальнага матчу, калі ўсім тром ужо за 30.

Затым гледачы вяртаюцца да падлеткавых гадоў галоўных герояў, каб паказаць, што адбылося паміж першай сустрэчай тройцы і сённяшнім днём – на адлегласці 10+ гадоў.

Тэніс як метафара сэксу

«Мы ўвесь час кажам, што тэніс – гэта сэкс у фільме, і я думаю, што тэніс – гэта метафара для многіх рэчаў: жадання, страсці, болю, гневу, расчаравання. Я думаю, што ўсе яны выкарыстоўваюць тэніс як спосаб зносін адзін з адным, калі ім проста не хапае слоў», – сказала Зендая журналістам на прэм'еры.

Рэжысёр фільма выкарыстоўвае паралель паміж тэнісам і сэксам па максімуму. Гуаданьіна факусуе ўвагу гледачоў на потных целах, напружаных мышцах, цяжкім дыханні і іншых неад'емных частках прафесійнага спорту. Стужка літаральна прасякнута ўскоснай эротыкай і падвойным падтэкстам.

Тэнісныя матчы ўдалося зрабіць напружанымі і рэалістычнымі

Хоць у цэнтры сюжэту «Супернікаў» выяўленыя менавіта напружаныя адносіны паміж галоўнымі героямі, немагчыма не адзначыць эфектнасць і рэалістычнасць тэнісных момантаў, якія дазволяць максімальна пагрузіцца ў спартыўную атмасферу.

Каб ператварыць трох актораў у прафесійных тэнісістаў, каманда фільма звярнулася па дапамогу да былога тэнісіста, а цяпер трэнера Брэда Гілберта. Менавіта ён трэнуе трэцюю ракетку свету 20-гадовую амерыканку Коры Гаўф.

Акторы правялі каля трох месяцаў за знясільваючымі трэнінгамі, вывучалі рухi прафесійных гульцоў, цесна ўзаемадзейнічалі са сваімі дублёрамі і наведвалі тэнісныя матчы.

«Я нічога не ведала пра тэніс. Так што я проста пагрузілася ў гэта. Я перагледзела амаль кожнае відэа, кожны матч, які ёсць у Інтэрнэце, кожную зборку, кожнае інтэрв'ю. Гэта стала маім захапленнем. Кожны раз, калі я не працавала, я нешта глядзела. Мой Instagram запоўніўся допісамі пра тэніс. Гэта сапраўды адзін з тых відаў спорту, у якім кожны, хто дамагаецца вялікіх поспехаў, пачынае вельмі рана. Відавочна, мяне вельмі палохаў той факт, што я ўступаю ў тое, чаго насамрэч не разумею», – распавядала Зендая.

У дні здымак, каб тэнісныя матчы выглядалі максімальна прафесійна і рэалістычна, акторы трымаліся толькі за ручку ракеткі. Такім чынам яны маглі замахвацца з той інтэнсіўнасцю, якую дэманструюць прафесійныя тэнісісты, а мяч і астатнюю частку ракеткі дамалёўвалі на этапе постпрадакшэна.

Ці трэба разбірацца ў тэнісе, каб зразумець фільм

Зусім не. Развязкі тэнісных розыгрышаў зразумелыя па яркіх рэакцыях гульцоў, а драйвовая, агрэсіўная музыка ў фільме ўзмацняе атмасферу і дае зразумець, калі адбываюцца пераломныя і важныя падзеі. Аднак, калі вы хоць трохі разбіраецеся ў базавых правілах тэніса, вам адназначна будзе цікавей і лягчэй разумець некаторыя моманты.

Адкрыты фінал. Усе шукаюць пераможцу, але яго няма

Развязка фільма растлумачвае драму адносін паміж трыа галоўных герояў, але пераможца матчу так і не паказаны. У сеціве цікавяцца, ці можна патэнцыйна зразумець, хто ж атрымаў перамогу ў супрацьстаянні паміж Патрыкам і Артам?

На момант фінальнай сцэны сам матч яшчэ не скончыўся. Галоўныя героі толькі пачалі гуляць вырашальны тай-брэйк і разыгралі першы пункт.

Тут фільм заканчваецца. Хто выйграў – вырашайце самі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты