Усе навіны

Канькабежка Зуева пра ад'езд ў Кітай: «Пасля АГ-2022 не было спаборніцтваў мінулага ўзроўню. У СМІ публікавалі: дружалюбная краіна для Беларусі»

18 лютага, 17:20

Беларуская канькабежка Марына Зуева расказала аб сваім ад'ездзе ў Кітай.

– Марына, у сярэдзіне 2023 года Вы абвясцілі, што будзеце трэніравацца ў Кітаі і выступаць, пры гэтым, за зборную Беларусі. Як зʼявіўся праект, звязаны з адʼездам у Паднябесную?

– Адразу некалькі фактараў паўплывала на зʼяўленне такога праекта.

Па-першае – немагчымасць выступаць на міжнароднай арэне. Пасля Алімпійскіх гульняў-2022 у Кітаі я год знаходзілася ў Менску: прайшлі адны зборы ў Салігорску і некалькі стартаў у Расіі. Маральна было цяжка, бо, як раней, спаборніцтвы не праводзіліся. Таму адна з прычын майго адʼезду ў Пекін – гэта адсутнасць спаборніцтваў мінулага ўзроўню і разнастайнасці.

У той перыяд у СМІ публікавалася інфармацыя аб тым, што Кітай – дружалюбная краіна для Беларусі, што трэба развіваць магчымыя ўзаемаадносіны, у тым ліку, і супрацоўніцтва ў спорце.

Мой былы трэнер меў добрыя міжнародныя сувязі: пасля Алімпіяды-2022 ён зʼездзіў у Кітай і дамовіўся аб сумеснай падрыхтоўцы. Настаўнік сабраў неабходную дакументацыю і абараніў трэніровачную мадэль у Кітаі. Па ўмовах мне падавалася бясплатнае пражыванне і сілкаванне, доступ да спартовых абʼектаў, пераезды на спаборніцтвы і зборы.

Так, я зʼехала ў Кітай у сярэдзіне жніўня 2023 гады. У той перыяд гэта было рашэнне, якое прывабіла мяне нечым новым. Мне было цікава даведацца, як трэніруюцца ў Кітаі. Заставацца ў Менску ўжо не хацелася, таму што было жаданне паспрабаваць нешта іншае, – распавяла Зуева.