Tribuna/Футбол/Блогі/Алонса ратуе «Баер» ад правальнага сезона – падняў клуб з зоны вылету і змагаецца за еўракубкі. У камандзе запальвае таленавітая моладзь

Алонса ратуе «Баер» ад правальнага сезона – падняў клуб з зоны вылету і змагаецца за еўракубкі. У камандзе запальвае таленавітая моладзь

А гульнёй леверкузенцаў захапляецца Тухель.

31 сакавіка 2023, 07:20
Алонса ратуе «Баер» ад правальнага сезона – падняў клуб з зоны вылету і змагаецца за еўракубкі. У камандзе запальвае таленавітая моладзь

Павінны прызнаць, што ў леверкузенскага «Баера» – вельмі смелае кіраўніцтва. Пасля стартавых васьмі матчаў у чэмпіянаце гэтага сезона каманда, якая ў Германіі мае рэпутацыю пастаяннага ўдзельніка еўракубкаў, знаходзілася ў зоне вылету, а гэта – найгоршы пачатак сезона ў гісторыі клуба ў Бундэслізе.

Херарда Сеаанэ не змог паўтарыць свой жа вынік мінулага сезона (упэўнена вывеў «фармацэўтаў» у Лігу чэмпіёнаў), таму чакана быў звольнены з пасады галоўнага трэнера ў пачатку кастрычніка.

Усе чакалі, што клуб прызначыць крызіснага менеджара, які зможа на кароткай дыстанцыі даць вынік і рэанімаваць сезон пасля няўдалага старту. Але босы леверкузенцаў не пайшлі лёгкім шляхам – прызначылі легендарнага ў мінулым, але недасведчанага як трэнера Хабі Алонса.

І рызыка пакрысе сябе апраўдвае.

Алонса прыняў «Баер» у жудасным стане і ператварыў каманду з аўтсайдара ў прэтэндэнта на еўракубкі

Такім чынам, перадапошняе 17-е месца ў турнірнай табліцы, усяго 5 ачкоў у васьмі матчах, дзве паразы ў трох паядынках ЛЧ і, самае галоўнае, пануючае расчараванне ў распранальні – менавіта ў такім становішчы Хабі Алонса прыняў леверкузенцаў. На першы погляд, няпростая атмасфера для трэнера, які толькі што ўзначаліў свой першы клуб на прафесійным узроўні.

На першай жа прэс-канферэнцыі іспанскага спецыяліста ў «Баеры» яму задалі нямала пытанняў наконт недахопу досведу, але самы папулярны адказ Хабі – «я рыхтаваўся да таго, што аднойчы стану трэнерам». Ужо праз тры дні яго каманда разнесла «Шальке» дома з лікам 4:0 і вярнула аптымізм паніклым заўзятарам.

Тады ж пачаліся амерыканскія горкі – на наступным тыдні леверкузенцы згарэлі ў Франкфурце 1:5, а праз некалькі тыдняў разнеслі аднаго з лідараў Бундэслігі «Уніён» 5:0. Менавіта ў матчы з берлінцамі пачалася пераможная серыя «Баера», якая дапамагла значна палепшыць турнірнае становішча – камандзе ўдалося падняцца з 16-га на 8-е месца пасля пяці перамог запар.

«Ён прыняў каманду, у якой не было веры. Уявіце сабе, футбалісты не верылі ў саміх сябе, – распавёў пра прызначэнне Алонса спартыўны дырэктар «фармацэўтаў» Сімон Рольфес. – Гэта была вельмі няпростая для яго сітуацыя, але я быў упэўнены, што ён палепшыць як якасць гульцоў, так і каманду ўвогуле».

Хабі набіраўся досведу ў Гвардыёлы, Маўрынью, Анчалоці і іншых спецыялістаў, з якімі працаваў на працягу кар'еры, а сам гуляў на пазіцыі "шасцёркі". У футболе ёсць стэрэатып, што найлепшыя трэнеры – апорныя паўабаронцы ў мінулым, якія дырыжуюць цэнтрам поля, з'яўляюцца пасрэднікамі паміж абарончымі і атакуючымі дзеяннямі і змушаныя ўвесь час думаць на полі.

Яшчэ адзін плюс іспанца ў тым, што на працягу трох гадоў ён гуляў у Нямеччыне (за «Баварыю»), разумее нямецкую мову, і, па словах Рольфеса, мае добрую рэпутацыю і рысы нямецкага менталітэту, што дапаможа ў зносінах з футбалістамі. «Баер» – не першы клуб, які звярнуў увагу на Хабі, раней ён мог узначаліць менхенгладбахскую «Барусію».

Пакуль усе чакалі, што Алонса будзе толькі шукаць свой футбол і спрабаваць знайсці гульцам правільныя пазіцыі на полі, іспанец аказаўся значна больш гнуткім і ўжо ў першым жа матчы паказаў, як будзе гуляць яго каманда.

Хабі перабудаваў 4-2-3-1, якія карыстаў Сеаанэ, у 3-4-3, якія смела можна назваць «плаваючымі». У атацы надзвычай важную ролю адыгрываюць флангі, калі трэба закрыцца – каманда пераходзіць на 5-4-1, а ў білд-апе выдатна выходзіць з-пад прэсінгу за кошт 4-2-4 і пастаяннага руху атакуючых футбалістаў.

Менавіта тактычныя рашэнні Алонса дапамаглі «Леверкузену» абгуляць «Баварыю» 2:1 напярэдадні паўзы на матчы зборных і працягнуць выйгрышную серыю да пяці матчаў ва ўсіх турнірах.

Новаспечаны трэнер мюнхенцаў Томас Тухель пераглядаў паядынак і застаўся ўражаным ад «гарачай і разумнай у плане тактыкі» 3-4-3 Алонса. Томас хоча, каб у першых матчах пад яго кіраўніцтвам рэкардмайстар гуляў менавіта так.

Цяпер «Баер» знаходзіцца на восьмай пазіцыі ў чэмпіянаце, адлегласць ад шостага еўракубкавага месца – усяго 3 ачкі, якія цалкам можна здабываць ужо ў найбліжэйшым матчы з «Шальке». Усяго за некалькі месяцаў Алонса вярнуў каманду з зоны вылету ў барацьбу за еўракубкі.

Учапіцца за вынік у ЛЧ Алонса не ўдалося, таму каманда працягнула выступы ў Лізе Еўропы. Леверкузенцы ўжо пакінулі ззаду «Манака» і «Ферэнцвараш», у чвэрцьфінале сустрэнуцца з бельгійскім «Юніёнам» і ўваходзяць у чатыры галоўныя прэтэндэнты на перамогу ў турніры па версіі 90min.

Пагадзіцеся, нядрэнныя дасягненні для трэнера, які раней працаваў толькі з дублем «Рэал Сасьедада».

Футбол і вынікі «Баера» сведчаць пра тое, што Алонса аказаўся правільным выбарам кіраўніцтва клуба. Нягледзячы на ўсе засцярогі наконт недасведчанасці, Хабі ўжо даказаў, што з'яўляецца нядрэнным трэнерам з цікавымі ідэя. Адзіная задача зараз – прадэманстраваць тое ж самае, але на доўгай дыстанцыі.

У «Баера» – вельмі таленавітая моладзь. Лідараў могуць забраць ужо летам

Зрэшты, не будзем нахвальваць аднаго толькі Алонса. У абойме Хабі – нямала цікавых футбалістаў, на якіх трэба звярнуць увагу.

Па-першае, ні ў якім разе нельга абыходзіць увагай ветэрана Лукаша Градзецкі. Так, часам ён можа ладна зафэйліць, але без яго галкіперскага геройства леверкузенцы наўрад ці змаглі б так хутка вярнуцца ў верхнюю частку турнірнай табліцы.

Градзецкі – адзін з трох прыкметных ветэранаў каманды разам з Чарлесам Арангісам і Карымам Беларабі, а асноўную абойму каманды складаюць маладыя футбалісты.

Адным з найлепшых гульцоў каманды гэтага сезона стаў правы абаронца Джэрэмі Фрымпонг. Актыўны ўдзельнік атак, нідэрландзец – другі самы рэзультатыўны футбаліст каманды з 16 (!) пунктамі па сістэме гол + пас (7+9). Трансферны кошт 22-гадовага Фрымпонга складае ўжо 35 млн еўра, а еўрапейскія гранды яго актыўна скаўцяць. Джэрэмі – гадаванец «Ман Сіці», а манчэстэрцам патрэбен флангавы абаронца … If you know what I mean.

Яшчэ адзін гулец, за якім актыўна сочаць топ-клубы, – Муса Дыябі. Француз, які доўга не мог раскрыць свой патэнцыял, але стрэліў у мінулым сезоне, працягвае радаваць заўзятараў гульнёй і рэзультатыўнасцю (12+7 ва ўсіх турнірах сёлета) і з'яўляецца лідарам леверкузенцаў. Яго ўжо даўно хоча набыць «Ньюкасл» (трансфер улетку – магчымы як ніколі), а для лонданскага «Арсенала», які разглядаў яго набыццё ў якасці альтэрнатывы Мудрыку, Дыябі аказаўся занадта дарагім.

Ну і куды ж без аднаго з галоўных талентаў у нямецкім футболе Фларыяна Вірца? 19-гадовы спадкаемец Кая Хаверца парваў крыжы ў сакавіку мінулага года, прапусціў чэмпіянат свету і вярнуўся на поле ўжо ў пачатку 2023-га. І вярнуўся паспяхова – дапамог камандзе прайсці «Манака» у ЛЕ і ўжо мае 8 рэзультатыўных дзеянняў у 13 сустрэчах. За ім сочаць усе гранды Еўропы, але пераход у іншы клуб гэтым летам выглядае малаверагодным. «Баварыю» і «Ман Сіці» называюць галоўнымі прэтэндэнтамі на тое, каб набыць яго ўлетку 2024-га.

Адзін з найбольш недаацэненых футбалістаў каманды – 28-гадовы Роберт Андрых, які гуляе паўсюль у цэнтры поля і нават у цэнтры абароны. Асаблівай увагі таксама заслугоўваюць Эдманд Тапсоба, П'еро Інкапіэ, Эксэкіель Паласіяс, Адам Гложэк і Амін Адлі.

Зорны Патрык Шык у гэтым сезоне пакутуе ад траўм і пакуль што забіў толькі 4 мячы.

***

Леверкузен аказаўся вельмі добрым месцам для старту трэнерскай кар'еры Алонса. Яму даверыліся і адкрыліся, а яго ідэі на футбольным полі рэалізуюцца за кошт прыдатных гульцоў. Цяпер галоўная мэта «Баера» – вярнуцца ў еўракубкі і як мага найлепш выступіць ў ЛЕ.

Фота: Lukas Schulze/Bundesliga, Dean Mouhtaropoulos, Christof Koepsel/REUTERS, Federico Gambarini/picture alliance/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты