Tribuna/Футбол/Блогі/«Барса» зноў не можа рэгістраваць гульцоў (нават Гюндагана). Усё выглядае нават горш, чым мінулым летам

«Барса» зноў не можа рэгістраваць гульцоў (нават Гюндагана). Усё выглядае нават горш, чым мінулым летам

Узнікла дзірка ў 60 млн.

21 ліпеня, 14:30
«Барса» зноў не можа рэгістраваць гульцоў (нават Гюндагана). Усё выглядае нават горш, чым мінулым летам

Ужо трэці сезон запар трансфернае акно «Барселоны» ператвараецца ў серыял са шматлікімі сюжэтнымі лініямі, большасць з якіх аб'яднаны адной тэмай – адсутнасцю грошай на трансферы і рэгістрацыю гульцоў. Каталонцы ўсё яшчэ хочуць паводзіць сябе на трансферным рынку, як вялікая акула, забіраючы ўсіх, хто ім падабаецца, але рэальнасць такая, што трэба прыдумляць хітрыя схемы, каб хаця б зарэгістраваць тых, хто ўжо ёсць у камандзе.

Нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, «Барса» працягвае падпісваць свабодных агентаў і ўжо дамовілася пра трансфер Вітора Роке, а чуткі ўсё яшчэ звязваюць з «блаўгранас» футбалістаў тыпу Жаау Фелікса, Бернарду Сілвы і нават Хары Кейна.

У чым жа галоўная праблема?

«Барселона» не атрымала 60 млн еўра ад фінансавых рычагоў. Гэта пагоршыла і без таго складаную сітуацыю

Не сакрэт, што ў каталонцаў у апошнія гады была каласальна разадзьмутая ведамасць заробкаў, хоць каманду і пакінулі высокааплатныя ветэраны: Піке, Бускетс і Альба, да таго ж сышоў Грызман, на днях удалося пазбавіцца ад Умціці. Але нашмат лепш не стала, бо, напрыклад, Месі будзе працягваць атрымліваць адкладзеныя выплаты да 2025 года па дамоўленасці яшчэ з папярэднім кіраўніцтвам. Гэта звязана з тым, што аргенцінец дамовіўся з клубам пра адтэрміноўку выплат падчас каранавіруса.

Але найбольш балючай праблемай стала тое, што фінансавыя здзелкі, якія выратавалі «Барсу» мінулым летам, гэтым ужо не працуюць. Нагадаем, што ў жніўні мінулага года, каб зарэгістраваць Левандоўскага, Кундэ і Рафінню, «Барселона» прыцягнула так званыя рычагі. Каталонцы прадалі 49% Barca Studios за 200 мільёнаў еўра – 24,5% купіла кампанія Orpheus Media (100 млн), а астатнія 24,5% (яшчэ 100 млн) – кампанія Socios.com.

Выплаты мусілі быць расцягнутыя на некалькі сезонаў: у 2022 годзе каталонскі клуб атрымаў усяго па 10 млн ад кожнай кампаніі, а далей – 15 чэрвеня трох наступных гадоў (2023, 2024 і 2025) клуб павінен быў атрымліваць ад кампаній па 30 млн еўра.

Праблемы пачаліся ўжо на першай вялікай выплаце: 15 чэрвеня 2023-га «Барселона» чакала атрымаць тыя самыя 60 млн (30 ды 30), але не дачакалася. Orpheus Media і Socios.com ужо папрасілі пра адтэрміноўку да снежня, але каталонцам ад гэтага не лягчэй, бо згодна з фінансавым фэйр-плэем грошы на рэгістрацыю павінны быць на рахунках да 31 жніўня, інакш гульцы не змогуць выступаць за каманду ў новым сезоне.

Ла Ліга расцэньвае недаатрыманыя 60 млн еўра як магчымы падман. Цяпер каталонцам, каб зарэгістраваць гульцоў, трэба недзе знайсці гэтую суму, якую яны недаатрымалі ад рычагоў.

У клуба існуе тры выхады:

🔶 перапрадаць правы на Barca Studios камусьці іншаму, хто гатовы ўжо гэтым летам выкласці за іх 60 млн;

🔶 прымусіць заплаціць Orpheus Media і Socios.com да 31 жніўня;

🔶 зладзіць масавы распродаж гульцоў.

Самае дзіўнае ў гэтай сітуацыі тое, што да 15 чэрвеня клуб нічога не рабіў. У «Барселоне» не змаглі прадугледзець фінансавыя праблемы з выплатамі і не шукалі альтэрнатыву загадзя.

Чаму Ла Ліга ўвогуле так пільна ўсё кантралюе «Барселону» і як тая збіралася вырашаць праблему

У лютым Ла Ліга абнавіла заробкавыя столі для сваіх клубаў, «Барселона» была другой пасля «Рэала» з паказчыкам у 656 мільёнаў, але ліга папярэдзіла, што цяпер столлю будзе 400 млн. Таму каталонцаў папярэдзілі, што летам трэба будзе сэканоміць або дадаткова дзесьці зарабіць 200 мільёнаў, каб улазіць у ліміт на наступны сезон.

Калі сцісла, столь заробкаў засноўваецца на розніцы паміж прыбыткамі клуба і яго выдаткамі. Да выдаткаў адносяць не толькі заробак гульцам, але і заробак персаналу, выплаты па крэдытах, амартызацыю трансфераў і нават выдаткі на іншыя каманды клуба, напрыклад, жаночую, баскетбольную ці гандбольную. Ліга ўстанаўлівае для кожнай каманды свой паказчык, які можа мяняцца ад сезона да сезона ў залежнасці ад заробкаў.

«Барса» недаатрымала грошай праз ранні вылет з ЛЧ, а пераезд з «Камп Ноу», які даваў велізарную квітковую выручку, а таксама рэкламныя кантракты, прывядзе да страты 98 мільёнаў еўра.

Так што «Барселоне» зноў давядзецца нешта прыдумляць, каб не перавысіць ліміт. Калі каманда яго перавышае, то яна можа выкарыстоўваць толькі палову грошай з прададзеных футбалістаў на новыя падпісанні – раней было ўвогуле 25%. Паслабленне было зроблена, паколькі трансферны рынак усёй Іспаніі фактычна замёр, а клубы (акрамя жорсткіх фінансавых рамак) падвяргаюцца канкурэнцыі з боку Саудаўскай Аравіі і МЛС, не кажучы ўжо пра АПЛ.

Каталонцы закрылі Barca TV (эканомія 12 млн еўра), падпісалі кантракт з Ambilight TV ад Philips, а таксама знізілі выдаткі на баскетбольную каманду, дзе толькі развітанне з Міроцічам сэканоміла 15 млн еўра.

У «Барсы» нават быў стабілізацыйны план на два гады, які зацвердзіла Ла Ліга, але недаатрыманыя 60 млн еўра зноў зблыталі карты Лапорце і кампаніі.

Няўжо нельга проста прадаць гульцоў на 60 млн еўра і вырашыць праблему?

Як мы ўжо казалі, па правілах фінансавага фэйр-плэю каманда можа выдаткоўваць на навічкоў толькі да 50% грошай, якія яна атрымлівае ад продажаў гэтага лета.

Каб не ўдавацца ў складаную матэматыку, скажам, што ФФП – гэта своеасаблівая валюта, і сума, якую клуб атрымлівае за гульца, зусім не роўная суме, якую клуб можа выдаткаваць на куплю іншых футбалістаў. Продаж гульца ва ўмовах «Барселоны» азначае, што яна атрымае на трансферы суму, што эквівалентная 50% гадавой эканоміі заробку футбаліста, 50% амартызацыйных зберажэнняў ад трансферу (калі суму пераходу і заробак футбаліста дзеляць роўнымі часткамі на ўвесь перыяд трансферу) і 20% чыстага прыбытку. Іспанскае выданне Cope палічыла, што трансфер Ансу Фаці за 40 млн еўра прынёс бы ўсяго 18 мільёнаў па правілах ФФП.

Пры тым, што продаж Фаці яшчэ дастаткова выгадны, бо за яго нікому не плацілі, таму няма амартызацыі трансферу. Напрыклад, пераход Ферана Торэса, якога купілі за 55 млн і ў якога застаецца 4 гады кантракту (за 50 млн), дасць толькі 20 млн у ФФП. Можна толькі ўявіць, з якімі галаваломкамі сутыкаецца Матэу Алемані, калі намагаецца пракруціць чарговы трансфер нават вольнага агента. Калі стала вядома, што «Барселона» недаатрымала 60 млн ад рычагоў, клубу і так не хапала каля 15 млн ФФП, каб зарэгістраваць усіх навічкоў.

Лапорта ў нядаўнім інтэрв'ю акрэсліў тых гульцоў, якіх дакладна не збіраецца прадаваць, сярод іх былі Ансу Фаці і Алехандра Бальдэ. У спісе на продаж называюць Кесіэ, Ферана, Лангле, Эрыка Гарсію, Абдэ і Ніка Гансалеса. Сабраць за іх нават 100 млн будзе вельмі праблематычна. Кажуць пра цікавасць да Рафінні з боку саудаўскіх клубаў і каманд АПЛ, але сам гулец не жадае нікуды сыходзіць.

У падвешаным стане сёння знаходзяцца Серхіа Раберта, Рональд Арауха і Маркас Алонса (падпісалі новыя кантракты з клубам, якія цяпер трэба зарэгістраваць), а таксама толькі што падпісаныя Арыёль Рамэу, Іньіга Марцінес і Ілкай Гюндаган. У кантракце немца, дарэчы, нават ёсць пункт пра тое, што ён можа пакінуць клуб свабодным агентам, калі «Барселона» не зможа яго зарэгістраваць.

Выданне Sport паведамляе, што ў «Барселоне» ўпэўненыя ў тым, што змогуць зарэгістраваць усіх навічкоў, і праводзяць кансультацыі з Ла Лігай. Але нават фінансавы дырэктар клуба Эдуард Рамэу пакуль не кажа дакладна, якім чынам сітуацыя можа быць вырашана.

Фота: Global Look Press, твітэр «Барселоны»

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты