Tribuna/Футбол/Блогі/5 галоўных прэтэндэнтаў на «Залаты мяч» у наступныя гады

5 галоўных прэтэндэнтаў на «Залаты мяч» у наступныя гады

Паслядоўнікі эпохі Месі і Раналду.

3 лістапада, 09:30
5 галоўных прэтэндэнтаў на «Залаты мяч» у наступныя гады

У панядзелак Леа Месі выйграў восьмы і, верагодна, апошні «Залаты мяч» у кар'еры.

Разбіраемся, хто можа стаць наступным уладальнікам прэстыжнай індывідуальнай узнагароды.

Эрлінг Холанд

Пасля фактычнага завяршэння эпохі Месі і Раналду ў сусветным футболе больш няма безумоўных дамінатараў, але менавіта Эрлінга Холанда называюць адным з тых, хто сфармуе новую эпоху «Залатога мяча» і будзе ўвесь час змагацца за ўзнагароду ў найбліжэйшыя гады.

У Холанда сапраўды ёсць усё, каб прэтэндаваць на «ЗМ», бо ў першую чаргу нарвежац – частка адной з найлепшых каманд свету. «Ман Сіці» прэтэндуе на тытулы ў кожным турніры, у якім бярэ ўдзел, а Эрлінг гарантуе камандны поспех, працягваючы дэманстраваць фантастычную выніковасць.

Холанд – шалёны бамбардзір, якому абыякава, дзе і каму забіваць. Ён зрабіў 36 рэзультатыўных дзеянняў у 27 матчах за «Зальцбург», 109 – у 89 матчах за дортмундскую «Барусію» і ўжо 77 – у 68 за «гараджан». Найлепшы аргумент галявой моцы Эрлінга – зборная Нарвегіі, за якую ён забіў 27 мячоў і аддаў 3 асісты ў 28 матчах.

І калі вам на хвіліначку падалося, што бягучы сезон складваецца для Холанда няўдала (пра гэта чамусьці хадзіла нямала размоў), то мы проста адкажам ягонай статыстыкай – 11 галоў і 2 асісты ў 10 матчах прэм'ер-лігі, 16 галявых дзеянняў у 15 матчах сезону.

Што можа перашкодзіць выйграць «Залаты мяч»: зборная Нарвегіі. Сярод усіх гульцоў у гэтым спісе ў Холанда - аб'ектыўна найслабейшая нацыянальная каманда. Нарвегія не едзе на Еўра-2024, а поспех на турніры ў Германіі наступным летам можа даць сур'ёзны буст іншым прэтэндэнтам на ўзнагароду.

Кіліян Мбапэ

Кіліян Мбапэ – найбольш відавочны і, напэўна, ідэальны кандыдат на атрыманне «Залатога мяча» ў найбліжэйшай будучыні.

Пра футбольныя якасці француза і казаць няма чаго. Мбапэ справядліва называюць адным з найлепшых футбалістаў свету – гэтаму спрыяе не толькі ягоная анамальная рэзультатыўнасць, але і футбол, які ён паказвае амаль у кожным матчы.

Заўзятары, журналісты і эксперты шмат кажуць пра складаны характар Кіліяна і ягоная ўменне ўбівацца ў непрыемныя сітуацыі, аднак кожны раз усё гэта нівелюецца ягонымі выступамі на футбольным полі, дзе ён ззяе як у складзе «ПСЖ», так і за зборную Францыі.

Яшчэ адзін велізарны плюс на баку Мбапэ – «маркетынгавы» бок «Залатога мяча». Многія лічаць, што Месі не павінен быў выйграць ажно восем узнагарод, але працягваў змятаць іх адна за адной праз камерцыялізацыю France Football, якому было выгадна аддаваць «ЗМ» менавіта аргенцінцу. У гэтым кантэксце «наступным Месі» можа стаць менавіта Мбапэ, які гуляе вялікую сацыяльную ролю для сусветнага футбола.

Што можа перашкодзіць выйграць «Залаты мяч»: «ПСЖ». Парыжскі клуб на працягу многіх гадоў не можа праявіць сябе на еўрапейскай арэне – не дапамагло нават, напэўна, наймацнейшае на паперы трыа ў гісторыі футбола Месі-Мбапэ-Нэймар. Без поспеху ў Лізе чэмпіёнаў у Кіліяна можа быць небагата шанцаў на атрыманне ўзнагароды, так што пераход у «Рэал», які цягнецца ўжо шмат гадоў, быў бы ідэальнай опцыяй.

Джуд Белінгем

На наступны дзень пасля цырымоніі «Залатога мяча» 2023-га партал Goal апублікаваў прамежкавы рэйтынг на атрыманне ўзнагароды ў наступным годзе – і на сёння яго па праве ўзначальвае Джуд Белінгем.

У першых 13 матчах за мадрыдскі «Рэал» англічанін ужо забіў больш мячоў, чым легендарны Зінедзін Зідан у сваіх найлепшых сезонах, аформіў пераможны дубль на полі «Барселоны» ў Эль-Класіка і вызначыўся голам ва ўсіх трох стартавых матчах групавога этапа Лігі чэмпіёнаў.

Зрэшты, наяўнасць Белінгема ў спісе можна аргументаваць не толькі моцным бягучым сезонам. У 17 гадоў «Бірмінгем» назаўжды замацаваў за ім 22-і нумар, каб аддаць належнае, а таксама натхніць маладое пакаленне ўзяць прыклад з Джуда – як у футбольным плане, так і па асабістых якасцях. У 18 і 19 гадоў англічанін быў ключавым гульцом дортмундскай «Барусіі», трэцім капітанам каманды і тым, ад каго залежаў вынік. У чэрвені Белінгему споўнілася ўсяго 20, але ён ужо нагуляў 27 матчаў за нацыянальную зборную і лічыцца будучым капітанам каманды «Трох ільвоў».

Сакрэт Джуда (акрамя цудоўнай гульні на футбольным полі) – ягоная ментальнасць. Назіраючы за ім, ствараецца ўражанне, што на поле выйшаў не юны футбаліст, а дасведчаны акцёр тэатра, які выходзіць на сцэну, дэманструе фантастычную ігру і зрывае авацыі пасля кожнага дзеяння. У 20 гадоў Белінгем – лідар на полі і ў распранальні, спакойны і вельмі ўпэўнены футбаліст.

Што можа перашкодзіць выйграць «Залаты мяч»: хранічная траўма калена. Магчыма, вы не чулі пра праблемы англічаніна са здароўем – састарэлае пашкоджанне калена цяпер не замінае Белінгему, аднак у другой палове мінулага сезона ўсё ж нагадала пра сябе.

У большасці матчаў да завяршэння кампаніі за «Дортмунд» англічанін гуляў з тэйпамі, а дзве апошнія сустрэчы Бундэслігі наогул прапусціў. Улетку Джуд адмовіўся ад аперацыі і залячыў праблемы без хірургічнага ўмяшання, але многія лекары запэўніваюць, што ў сувязі з пастаяннымі нагрузкамі калена хутка можа нагадаць пра сабе.

Вінісіус Жуніяр

«Апошнія некалькі гадоў мы бачылі гульцоў, якія могуць яго выйграць. Холанд, Мбапэ, Вінісіус Жуніяр. Ёсць шмат маладых футбалістаў, якія будуць змагацца за «Залаты мяч», – сказаў Леа Месі пасля атрымання сваёй, верагодна, апошняй узнагароды.

Нараўне з Холандам і Мбапэ, пра якіх сёння гавораць усе, знайшлося месца і Віні Жуніяру, якога аргенцінец таксама лічыць прэтэндэнтам на «ЗМ» у наступныя гады. І, уласна, чаму б не?

Бразілец мае выдатныя футбольныя якасці, якія дазваляюць яму выконваць адну з ключавых роляў у мадрыдскім «Рэале» – галактычная хуткасць і выдатны крэатыў у ягоных дзеяннях зрабілі Віні самым рэзультатыўным гульцом іспанскага гранда ў мінулым сезоне (44 галявых дзеянні).

Сёлета Анчалоці крыху змяніў схему сваёй каманды, і Вінісіус вымушана гуляе ў цэнтры атакі. Пакуль што бразілец мае ўсяго 3+3 у 10 матчах ва ўсіх турнірах, аднак ужо па традыцыі працягвае ззяць у Лізе чэмпіёнаў – гол і два асісты ў двух матчах.

ЛЧ – безумоўна, ягоны турнір. 12 выніковых дзеянняў у 12 матчах мінулага сезону, пераможны гол «Ліверпулю» ў фінале 2022-га і ў цэлым пастаянна выдатная статыстыка ў турніры павышаюць ягоныя шанцы на індывідуальныя узнагароды, а месца ў старце зборнай Бразіліі, якая летам згуляе на Копа Амерыка ў Эквадоры, дае аптымізм самому Віні – у выпадку поспеху як за клуб, так і за нацыянальную каманду ён дакладна будзе высока ў спісе прэтэндэнтаў на «ЗМ».

Што можа перашкодзіць выйграць «Залаты мяч»: празмерная эмацыйнасць на полі. На жаль, Вінісіус у апошні час часта звязаны з расісцкімі скандаламі – яго правакуюць як супернікі, так і заўзятары. Бразілец часта бурна рэагуе – і менавіта гэта разбурае ягоную канцэнтрацыю.

Хары Кейн

Найлепшы бамбардзір у гісторыі «Тотэнхема», другі найлепшы бамбардзір у гісторыі англійскай прэм'ер-лігі, гарант галоў і капітан зборнай Англіі – Хары Кейн, хоць і (пакуль што) не выйграў ні аднаго трафея ў сваёй кар'еры, абсалютна па праве лічыцца адным з найлепшых англіскіх футбалістаў і адным з самых эфектыўных цэнтральных нападаючых свету.

Улетку Хары нарэшце збег з лонданскага клуба і перайшоў у мюнхенскую «Баварыю» – і perfect match на паперы літаральна адразу пачаў працаваць на футбольным полі.

Пасля падпісання англічаніна дзейных чэмпіёнаў Германіі зноў лічаць адным з галоўных фаварытаў на перамогу ў Лізе чэмпіёнаў, а так званы «эфект Кейна» дзейнічае ад самых пачатковых стадый сезону – Хары ўжо запісаў на рахунак 21 (!) рэзультатыўнае дзеянне толькі ў 13 матчах за «рэкардмайстара».

Калі Кейн працягне дэманстраваць такую ж выніковасць, а яго індывідуальныя паказнікі будуць падтрымлівацца каманднымі поспехамі (тытулы з «Баварыяй», паспяховы Еўра з нацыянальнай зборнай), Хары ўпэўнена можна будзе лічыць адным з фаварытаў на «Залаты мяч» ужо па выніках сезона 2023/24.

Што можа перашкодзіць выйграць «Залаты мяч»: узрост. Кейн – найстарэйшы футбаліст у гэтым спісе. Улетку Хары споўнілася 30, таму рэкамендуем англічаніну не цягнуць з поспехамі.

Фота: Diego Souto/Quality Sport Images, Sebastian Frej/REUTERS, Matthias Hangst, Fran Santiago/Getty Images

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты