Tribuna/Футбол/Блогі/Б'елса пазваў бамбардзіра-аматара ў зборную Уругвая – ён рабіў падобныя рэчы раней для Пачэцэіна і Маскерана

Б'елса пазваў бамбардзіра-аматара ў зборную Уругвая – ён рабіў падобныя рэчы раней для Пачэцэіна і Маскерана

Марсела ў сваім стылі.

7 траўня, 03:07
Б'елса пазваў бамбардзіра-аматара ў зборную Уругвая – ён рабіў падобныя рэчы раней для Пачэцэіна і Маскерана

Аргентынскі коўч Марсела Б'елса здзівіў усіх уругвайскіх журналістаў, выклікаўшы ў зборную гульца з аматарскай лігі. 68-гадовы трэнер зборнай Уругвая вырашыў пракруціць трук, які рабіў ужо неаднаразова за часы карʼеры. Так, ён умее зрабіць шоў з нічога і даць заўзятарам падставы для абмеркавання.

Статыстыка Вальтэра Дамінгеса ў аматарах уражвае, але яго зʼяўленне ў зборнай – вымушаны крок

Б'елса не проста так атрымаў мянушку «варʼят» ад фанатаў, бо яго рашэнні часам сапраўды могуць здзівіць. Аргенцінец узначаліў зборную Уругвая толькі ў траўні мінулага года, а ўжо нарабіў шуму.

Вальтэр Дамінгес – найлепшы нападнік аматарскай лігі, які гуляе за «Хувентуд дэ Сарыяна». На рахунку 24-гадовага футбаліста 57 забітых галоў у 39 матчах сезона. Гульца шакавала навіна пра выклік ў нацыянальную зборную.

«Мне патэлефанавалі са зборнай, і я вельмі рады. Я гэтага не чакаў, гэта было сюрпрызам. Я вельмі шчаслівы», – дзеліцца эмоцыямі Дамінгес.

Хутчэй за ўсё, выклік гульца паўпрафесійнага клуба абумоўлены тым, што Б'елса не зможа разлічваць на асноўных футбалістаў з «Насьяналя», «Пеньяроля», «Ліверпуля», «Расінга» і «Данубіі». Гэтыя клубы цяпер гуляюць найважнейшыя матчы.

Але хто ведае, што ў Марсела ў галаве. Калі Дамінгес сябе пакажа падчас чэрвеньскага збору, то можа нават трапіць у заяўку на Копа Амерыка, які пройдзе ў ЗША з 20 чэрвеня па 14 ліпеня.

Б'елса даў дарогу ў прафесійны спорт Пачэцiна, толькі убачыўшы яго ногі

Марсела любіў ездзіць па краіне ў пошуках талентаў. Кожны хлопчык, які выходзіў у двор проста пагуляць у футбол, марыў пра зборную і прафесійны спорт. Юныя гульцы настолькі чакалі, што пасля гульні да іх падыдзе незнаёмец і прапануе кантракт ўсяго жыцця. Але пашчасціла не ўсім – адным з вязунчыкаў зʼяўляецца цяперашні галоўны трэнер «Чэлсі» Маўрысіа Пачэціна.

Усё здарылася, калі хлапчук спаў, у той час як у калідоры стаяў Марсела і пераконваў бацькоў звязаць будучыню іх сына менавіта з футболам. Больш падрабязна Пачэціна апісаў падзеі ў сваёй кнізе «Brave New World: Inside Pochettino's Spurs»:

«Мама прачнулася, калі ў дзверы пастукалі. Яны прадставіліся, але мама не адкрыла, а паклікала бацьку. Ён чуў пра іх [Б'елсу і яго памочніка Грыфа] і таму запрасіў на каву. Б'елса пазней распавядаў, што, прагаварыўшы пяць ці дзесяць хвілін, яны ўжо не ведалі, пра што казаць, і тады, нарэшце, спыталі ў бацькоў: «Ці можам мы паглядзець на хлопчыка?» Гордыя бацькі пагадзіліся і дазволілі ім увайсці ў спальню.

Убачыўшы мяне спячым, Грыфа пацікавіўся: «А ногі пакажаце?». Мама адсунула коўдру, і абодва сказалі: «Ён выглядае як футбаліст. Зірніце на гэтыя ногі!» Хоць мая маленькая спальня была поўная людзей, я дрых як бервяно і паняцця не меў, што адбываецца, пакуль мой бацька не прагаварыўся раніцай».

Пазней Маўрысіа стаў сапраўднай легендай «Ньюэлс Олд Бойз» згуляўшы за іх 153 матчы. Таксама Пачэціна неаднаразова выклікаўся ў зборную Аргенціны, за якую правёў 20 матчаў і забіў 2 галы.

Маскерана дзякуючы Б'елсу дэбютаваў за зборную раней, чым згуляў за першую каманду «Рывер Плейта»

У 2003-м Б'елса спачатку выклікаў, а потым даў магчымасць дэбютаваць за зборную Аргенціны юнаму Хаўеру Маскерана. Малады гулец яшчэ нават не паспеў дэбютаваць у родным «Рывер Плейце».

Дарэчы, дэбют Маскерана адбыўся якраз у чэрвені супраць зборнай Уругвая. Праз год Маскерана настолькі ўразіў сваёй гульнёй, што яго прызналі найлепшым гульцом турніру Копа Амерыка.

У 2004 і 2008 гадах Маскерана прымаў удзел у Алімпійскіх гульнях у Афінах і Пекіне адпаведна. Зборная Аргенціны тады добра пашумела на ўвесь свет, заваяваўшы залатыя медалі. Разам са зборнай Маскерана таксама стаў віцэ-чэмпіёнам свету ў 2014 годзе. Сваю кар'еру ў Аргенціне гулец скончыў у чэрвені 2018 года.

***

Тое, што адбылося цяпер – гэта класічны Б'елса. Толькі ён можа наважвацца на такія рашэнні. Усё ж трэнер адказвае за вынік. У бліжэйшым матчы супраць Коста-Рыкі мы зможам убачыць і ацаніць перспектывы сенсацыйнага нападніка.

А раптам узляціць? Што думаеце вы?

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты