Tribuna/Футбол/Блогі/Эфект Кейна: «Баварыя» не ўзяла ніводнага трафея ў першы ж сезон брытанца ў клубе

Эфект Кейна: «Баварыя» не ўзяла ніводнага трафея ў першы ж сезон брытанца ў клубе

Такога з мюнхенцамі не здаралася 12 гадоў.

9 траўня, 17:39
Эфект Кейна: «Баварыя» не ўзяла ніводнага трафея ў першы ж сезон брытанца ў клубе

Паражэнне ад «Рэала» ў паўфінале ЛЧ зафіксавала для «Баварыі» грандыёзна правальны вынік усяго сезона. Кампанія 2023/24 ужо дакладна скончыцца для каманды Томаса Тухеля без хаця б аднаго трафея.

Для гегемона нямецкага футбола гэта вельмі нечаканы фініш. Бо супертытулаваны клуб, які з'яўляецца рэкардсменам Германіі па перамогах у Бундэслізе, Кубку і Суперкубку Германіі, а таксама ў Лізе чэмпіёнаў, цягам сезона не змог узяць:

· нi Суперкубак (прайгралі «Лейпцыгу» 0:3);

· ні Срэбную салатніцу (прайгралі чэмпіянат «Баеру», рызыкуюць увогуле фінішаваць трэцімі);

· нi Кубак Германіі (сенсацыйна вылецелі яшчэ на ранніх стадыях ад трэцялігавага «Саарбрукена»);

· нi ў рэшце Лігу чэмпіёнаў.

У выпадку чэмпіянату гэта яшчэ і канец грандыёзнай серыі. «Баварыя» да гэтага выйгравала Бундэслігу 11 гадоў запар. 12-ы трыумф павінен быў зрабіць мюнхенцаў рэкардсменамі па працягласці пераможнай серыі. Але...

Але з камандай Томаса Тухеля адбыўся катастрафічны сезон. І адбыўся тады, калі да яе далучыўся Хары Кейн.

Іронія ў тым, што выбітны форвард змяніў «Тотэнхэм» на «Баварыю» ў тым ліку і таму, каб у 30 гадоў нарэшце пачаць здабываць першыя трафеі ў карʼеры. Бо да гэтага нападнік не выйграў ніводнага, хоць даходзіў да фіналаў Еўра, Лігі чэмпіёнаў і двойчы Кубка Лігі. Вось чаму з'явіліся размовы пра праклён Кейна.

І вось ён спрацаваў у куды больш масцітай «Баварыі».

Для разумення маштабаў праблемы. Апошні раз «Баварыя» праводзіла сезон без трафеяў у кампаніі 2011/12. Тады мюнхенцы фінішавалі ў Бундэслізе другімі пасля дортмундскай «Барусіі», гэтай жа камандзе Юргена Клопа прайгралі фінал Кубка Германіі, а ў хатнім фінале Лігі чэмпіёнаў саступілі «Чэлсі». У матчы за Суперкубак на старце таго сезона каманда ўвогуле не ўдзельнічала.

Пасля гэтага было 11 ураджайных кампаній. Пакуль не з'явіўся Гары.

Фота: AFP

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты