Все новости

Падпісантка за рэжым Пракапенка: «Калі Лукашэнка сапраўды даў дабро нам ехаць з нейтральным сцягам, то ўсё роўна будзем перамагаць нават пад ім. Гэта наша белая чыстая старонка»

10 траўня 2023, 16:27

Падпісантка праўладнага ліста спартсменаў і бронзавая прызёрка Алімпійскіх гульняў у Пекіне Анастасія Пракапенка выказалася пра магчымы допуск беларускіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў пад нейтральным флагам.

«Спартсмены самі па сабе працуюць, усё ж усё жыццё ў спорце. Гэта іх дзейнасць, гэта іх мара, гэта іх душа, сэрца. І, калі наш прэзідэнт сапраўды даў дабро нам ехаць з нейтральным, няхай, сцягам, усё роўна. Людзі і так ведаюць, хто мы і за якую краіну выступаем.

Сёння (9 траўня – Tribuna.com) Дзень Перамогі, усіх хачу павіншаваць. Я думаю, што нават калі мы паедзем хоць і пад нейтральным сцягам, то ўсё роўна будзем перамагаць. Гэта нашая белая чыстая старонка», – сказала Пракапенка.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.