Усе навіны

Худзенка пра міжнародны бан: «Лёгкая чорная паласа ў беларускім спорце, але калісьці гэта ўсё скончыцца»

17 траўня, 22:29

Трохразовая беларуская прызёрка Алімпійскіх гульняў у веславанні на байдарках і каноэ Вольга Худзенка пракаментавала адхіленне беларусаў ад міжнародных стартаў.

Адзначым, што вяслярка знаходзіцца ў «сілавым» БФСТ «Дынама» і хадзіла на памятныя мерапрыемствы Лукашэнкі.

«Калі браць сённяшні дзень, то такая лёгкая чорная паласа ў нашым спорце. Не толькі ў нашым, а ў прынцыпе ў спорце. Але некалі гэта ўсё скончыцца. І хоць бы [трэба] ў гэта верыць – мець у сабе нейкую надзею, з ёй кожны дзень прачынацца і верыць у тую добрую справу, якую ты робіш, для чаго гэта ўсё робіш. І што ты сапраўды жадаеш абараняць гонар краіны, усё роўна, у якіх умовах. На сённяшні дзень [дапамагаюць] толькі вера і надзея», – сказала Худзенка.

Нагадаем, МАК лічыць магчымым удзел у АГ спартсменаў з Беларусі і Расіі толькі ў статусе індывідуальных нейтральных атлетаў (AIN) пры выкананні шэрагу патрабаванняў, сярод якіх адсутнасць «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі або Расіі. Магчымасць допуску AIN да Гульняў будзе вызначаць спецыяльна створаная МАК камісія AINERP.