Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/І гэта ўсё? Новая эра Формулы Е пачалася ў Мехіка крыху не так, як усе чакалі
Блогі

І гэта ўсё? Новая эра Формулы Е пачалася ў Мехіка крыху не так, як усе чакалі

нечакана!

19 студзеня 2023, 16:40
І гэта ўсё? Новая эра Формулы Е пачалася ў Мехіка крыху не так, як усе чакалі

Фота: Formula E

Рэвалюцыйныя па канструкцыі электрычныя баліды новага, ужо трэцяга пакалення прайшлі першае баявое хрышчэнне. Але вялікай розніцы ў параўнанні з папярэднімі сезонамі Формулы Е мы пакуль што не заўважылі.

На жаль, вайна ва Украіне працягваецца нават пасля пачатку новага сезону электрычных гонак. Прасунуты Захад дагэтуль думае, ці дапамагаць нашым суседзям, бо баіцца раздражніць звар’яцелага расійскага дыктатара. За яго нерашучасць украінцы плацяць сваёй кроўю і сваімі жыццямі. Але толькі разгром другой арміі свету і вызваленне Украіны будзе гарантыяй міру на кантыненце і дапаможа вызваліцца і беларусам, што толькі ўзмоцніць гэты мір. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Без міру ў Еўропе яе развіццё немагчымае, і імкненне да электрамабілізацыі тут не дапаможа. А яшчэ вайна руйнуе экалогію, пра якую Формула Е так дбае. Пры гэтым дбаць ёй варта і пра далейшае самаўдасканаленне, што было добра бачна на першым этапе новай эры ў Мехіка ў мінулыя выхадныя.

Менавіта так – не сезону, а эры. Новыя машыны электрычнага чэмпіянату свету маюць больш моцныя рухавікі, вялікія батарэі з магчымасцю хуткай зарадкі, дадатковую сістэму рэкуперацыі на пярэдніх восях. Прычым эфектыўнасць рэкуперацыйных тармажэнняў павысілася настолькі, што гэта дазволіла адмовіцца ад гідраўлічных задніх тармазоў.

Аднак у Мехіка найбольш была заўважная іншая змена ў Формуле Е – адсутнасць фан-бусту. Ад прымянення дадатковай магутнасці, якую пілоты атрымлівалі па выніках Інтэрнэт-галасавання фанатаў, арганізатары чэмпіянату адмовіліся праз немагчымасць забяспечыць празрыстасць гэтага галасавання.

Хоць першы этап новага сезону не надта яскравым выйшаў па іншых прычынах. Часткова праз канфігурацыю трасы, часткова праз аварыі ўдзельнікаў і рэжымы аўтамабіля бяспекі. Першы быў абвешчаны на першым жа кругу, калі ў вельмі непрыемную аварыю патрапіў Робін Фрайнс, які выступае цяпер за ABT CUPRA.

У сутыкненні з канкурэнтам з Nissan Нарманам Нато ў дзявятым павароце нідэрландзец пашкодзіў сваю машыну і, што горай, не паспеўшы прыняць рукі са стырна ў момант удару, атрымаў адкрыты (!) пералом левай рукі, праз які на некалькі этапаў выбыў з барацьбы. На шчасце, аперацыя ў бальніцы Мехіка прайшла ўдала, і Робін неўзабаве прыступіць да падрыхтоўкі да вяртання ў лад.

Старт жа гонкі прайшоў адносна спакойна – уладальнік поўлу Лукас дзі Грасі, які перайшоў у Mahindra Racing, захаваў лідарства, а Джэйк Дэніс з Avalanche Andretti – сваю другую пазіцыю (брытанца паспрабаваў атакаваць яго суайчыннік і цёзка з NEOM McLaren па прозвішчы Х’юз). Хутка пасля рэстарту на шостым кругу з гонкі выбыў і Сэм Бёрд, які застаўся ў Jaguar TCS Racing, праз што пелатон ізноў узначаліў аўтамабіль (дакладней, электрамабіль – Porsche Taycan) бяспекі.

Больш ці менш разагнацца ў пілотаў атрымалася толькі пасля другога рэстарту на дзясятым кругу, калі пачаліся і першыя актывацыі рэжыму атакі, у якім цяпер даступныя ажно 350 кВт (476 к.с.). Але Дэніс на дванаццатым кругу праціснуў абарону дзі Грасі ў трэцім павароце са стандартнай магутнасцю рухавіка свайго электрабаліда, а за дадатковай адправіўся ўжо пасля, што дапамагло яму адарвацца ад пераследнікаў.

Праўда, на васямнаццатым кругу пелатон ізноў сціснуўся электрамабілем бяспекі – з дыстанцыі сышоў Эдоарда Мартара, які з гэтага сезону выступае ў складзе Maserati MSG Racing. Але пасля рэстарту Дэніс зноў прыняўся адрывацца, а Паскаль Верляйн, які застаўся ў складзе TAG Heuer Porsche Formula E Team, – прарывацца.

Немец спачатку абагнаў свайго былога напарніка Андрэ Лотэрэра, які цяпер прадстаўляе Avalanche Andretti, падняўшыся на чацвёртую пазіцыю. А актывацыя рэжыму атакі дапамагла яму наблізіцца да Х’юза і прайсці і яго. Ну а хутка перад Паскалем склаў зброю і дзі Грасі, якому ўжо трэба было эканоміць энергію. Трэцюю пазіцыю Лукас утрымаў, хаця канкурэнты на апошніх кругах, якія былі дададзеныя, каб кампенсаваць час пад пэйс-карам, прэсінгавалі яго заўважна.

Верляйн жа заняў другое месца, ну а Дэніс адкрыў новую эру Формулы Е перамогай. Становішча ў чэмпіянаце пілотаў, вядома, пасля першай гонкі адпавядае яе вынікам – Дэніс, у якога 26 ачкоў, трэці, Верляйн і дзі Грасі другі і трэці адпаведна, але балаў у іх пароўну – па 18. Avalanche Andretti з 38 ачкамі лідзіруе сярод каманд, Porsche займае другую пазіцыю і мае 24 балы, Mahindra трэцяя, у яе 18 ачкоў.

Наступныя этапы Формулы Е мусяць быць цікавейшымі за першы, прынамсі тыя, на якіх будуць уведзеныя піт-стопы (менавіта на іх і будзе праводзіцца хуткая зарадка цягам 30 секунд). Магчыма, мы пабачым іх ужо ў Ад-Дырыі ў Саудаўскай Аравіі, куды чэмпіянат свету прыедзе ўжо праз тыдзень і дзе правядзе два этапы, у пятніцу і суботу.

Іншыя пасты блога

Усе пасты