Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Вяртанне Прада і працяг праблем дэ Вольфа на мотакросавым Гран Пры Галісіі

Вяртанне Прада і працяг праблем дэ Вольфа на мотакросавым Гран Пры Галісіі

Вяртанне Прада і працяг праблем дэ Вольфа на мотакросавым Гран Пры Галісіі

У мінулыя выхадныя чэмпіянат свету па мотакросе ў другі з трох запланаваных разоў завітаў у Іспанію, і не проста на радзіму дзейнага чэмпіёна MXGP Хорхе Прада, а на яго малую радзіму – у горад Дуга, што ў рэгіёне Галісія. Гоншчык GASGAS фанатаў парадаваў, а вось у катэгорыі MX2 іспанцаў на подыуме не аказалася.

Не патрапіў ізноў у першую тройку і лідар чэмпіянату ў MX2 Кай дэ Вольф. У кваліфікацыйнай гонцы ў суботу нідэрландзец з Nestaan Husqvarna Factory Racing не бліснуў, фінішаваўшы толькі сёмым, а ў нядзелю здолеў адыграцца толькі часткова.

Хол-шот на старце першага заезду выйграў прадстаўнік Monster Energy Yamaha Factory MX2 Цібольт Беністан, які якраз і выйграў напярэдадні ў кваліфікацыі. Аднак надоўга француз у лідарах не затрымаўся – яго хутка абагнаў дзейны чэмпіён з Red Bull KTM Factory Racing Андрэа Адама. Другую пазіцыю Беністан утрымліваў даўжэй, але пазней саступіў і яе дэ Вольфу, які быў адным з найхутчэйшых у заездзе.

Прычым адразу пасля страты пазіцыі Цібольт яшчэ і вельмі непрыемна ўпаў, на шчасце, не атрымаўшы траўм і не пашкодзіўшы свой байк, які хутка падняў і працягнуў гонку, скончыўшы яе пятым. Таму галоўная ўвага была прыцягнутая менавіта да дэ Вольфа, які набліжаўся да Адама і практычна яго дагнаў, саступіўшы яму на фінішы ўсяго 0,732 секунды.

Трэцім першы заезд скончыў партнёр Адама па камандзе Ліам Эвертс, які па ходу дыстанцыі праціснуў абарону партнёра дэ Вольфа Лукаса Коэнэна. Бельгіец задаволіўся чацвёртай пазіцыяй, аднак ў другой гонцы яго чакаў поспех. Аўтарам хол-шоту стаў ужо Эвертс, але Лукас адразу яго апярэдзіў, і затым упэўнена кантраляваў сітуацыю да самага фінішу, пакуль супернікі вырашалі ўласныя задачы.

Эвертс сваю, дарэчы, выканаў, фінішаваўшы другім, дэ Вольфу ж ізноў прыйшлося прарывацца скрозь пелатон, каб уратаваць як мага больш ачкоў. І гэта ў Кая атрымлівалася не так удала, як у папярэднім заездзе. На трэцюю пазіцыю, абагнаўшы брата Лукаса Коэнэна Сашу, які выступае за заводскі KTM, нідэрландзец выйшаў толькі на трынаццатым кругу. Абгон яшчэ і Эвертса прынёс бы дэ Вольфу перамогу на Гран Пры, але ён так трэцім і застаўся, заняўшы выніковае чацвёртае месца.

Адама гэтым разам атрымаў адмашку клецістым сцягам толькі чацвёртым, але гэтага італьянцу хапіла для другога месца. Трэцім стаў Эвертс, ну а перамог Лукас Коэнэн, які, зрэшты, пакуль далёкі ад групы лідараў чэмпіянату – бельгіец толькі пяты з 223-ма ачкамі.

Зрэшты, дэ Вольф, які па-ранейшаму лідзіруе, маючы 292 балы, сур’ёзна апярэджвае і бліжэйшых пераследнікаў – прадстаўніка Red Bull GASGAS Factory Racing Сімона Лангенфельдэра, які ўсё ж такі ўзяў удзел у Гран Пры Галісіі пасля атрыманай у Агэдзе траўмы, фінішаваў сёмым і дзявятым, захаваў другую пазіцыю і мае цяпер 248 ачкоў, і Эвертса, які з 230-цю ачкамі застаецца трэцім. Husqvarna, якая мае 312 балаў, застаецца першай сярод вытворцаў у MX2, KTM з 298-мю баламі на другой пазіцыі, GASGAS, у якога 250 ачкоў, замыкае першую тройку.

Як і Кай дэ Вольф, бліснуць на гразі Агэды тыднем раней не атрымалася і ў дзейнага чэмпіёна прэм’ер-катэгорыі MXGP Хорхе Прада. Ён тады нават саступіў лідарства ў чэмпіянаце канкурэнту з заводскай Хонды Ціму Гайсэру, аднак дома іспанцу дапамаглі і сцены, і, напэўна, паветра. Хорхе пачаў уік-энд з перамогі ў кваліфікацыйнай гонцы, а затым выйграў і абедзве нядзельныя, атрымаўшы і выніковую перамогу.

Першую Прада пачаў хол-шотам, а на другую пазіцыю адразу заскочыў, застаўшыся на ёй да самага фінішу, гоншчык Kawasaki Racing Team Рамэн Фэвр. Трэцюю пазіцыю адразу захапіў быў Гайсэр, але славенца хутка апярэдзіў нідэрландскі прадстаўнік заводскай Ямахі Кальвін Влаандэрэн, які трэцім гонку і скончыў. Гайсэр жа затым адкаціўся на пятую шостую пазіцыю, прапусціўшы яшчэ і завадчаніна KTM Джэфры Херлінгса з партнёрам Фэвра па камандзе Джэрэмі Сіверам.

Другая гонка старшакласнікаў пачалася з канфуза, які прывёў да чырвоных сцягоў на першым жа кругу. Ніякіх жудасных аварый не адбылося, проста перад Прада і Херлінгсам не апусцілася стартавая рампа, праз што іспанец з нідэрландцам засталіся на сваіх пазіцыях. Паўторны старт пасля рамонту механізму апускання прайшоў ужо штатна, і на ім лепшым стаў Влаандэрэн, якога Прада, зрэшты, хутка апярэдзіў.

Развіць поспех, якога Кальвін дасягнуў у першым заездзе, у другім у яго не атрымалася. Ён затрымаўся на другой пазіцыі да сёмага круга, на якім яго абышоў і Гайсэр. А ззаду ўжо і Херлінгс накочваў, каб нарэшце пакінуць ззаду і Влаандэрэна, які, нажаль, амаль адразу ж, як прапусціў Джэфры, упаў і фінішаваў толькі сёмым. Херлінгс жа хутка пасля гэтага абагнаў і Гайсэра, і так другім і трэцім адпаведна яны і скончылі гонку. На подыум, праўда, з іх дваіх патрапіў толькі Джэфры, які заняў другое месца. Трэцім стаў Фэвр, які другую гонку скончыў на чацвёртай пазіцыі, ну а Прада не толькі ўзышоў на першую ступень, але і па выніках ва ўсіх сэнсах хатняга Гран Пры вярнуў сабе лідарства ў чэмпіянаце.

Хаця Гайсэра, які ў Галісіі стаў чацвёртым, Хорхе са сваімі 298-мю ачкамі апярэджвае ўсяго на два, таму барацьба паміж імі працягваецца. Уключыцца ў яе захоўвае шанцы і Фэвр, які з 267-мю баламі застаецца трэцім. У заліку вытворцаў жа працягвае лідзіраваць Honda, у якой 311 ачкоў. GASGAS з 298-мю баламі на другой пазіцыі, Kawasaki мае 280 і замыкае першую тройку.

Чэмпіянат свету па мотакросе працягнецца і ў гэты ўік-энд – у Сэн-Жан-д’Анжэлі пройдзе Гран Пры Францыі. За падзеямі яго і не толькі працягваюць сачыць нашы блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Вы можаце падтрымаць «Гоначную псіхапатыю», што надзвычай важна: Wise: нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты