Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Агэдская гразелякарня. Заезды Гран Пры Партугаліі чэмпіянату свету па мотакросе былі падобныя хутчэй на заплывы

Агэдская гразелякарня. Заезды Гран Пры Партугаліі чэмпіянату свету па мотакросе былі падобныя хутчэй на заплывы

Агэдская гразелякарня. Заезды Гран Пры Партугаліі чэмпіянату свету па мотакросе былі падобныя хутчэй на заплывы

Фота: mxgp.com

Наўрад ці грунт мотакросавай трасы ў Агэдзе, якая ў мінулы ўік-энд прымала пяты этап MXGP, валодае нейкімі лякарнымі ўласцівасцямі, і, ператвораны дажджом у гразь, дадаў здароўя гоншчыкам. А вось інтрызе ў чэмпіянаце ён дапамог дакладна.

Гэтыя выхадныя былі цёплымі і сонечнымі многа дзе ў Еўропе, але не на поўначы Партугаліі, дзе і знаходзіцца Агэда. Дажджы тут лілі і ў суботу, і ў нядзелю, таму гонкі сусветнага мотакроса выглядалі зусім не так, як мы прывыклі і як чакалі. Напэўна, не засталося ў пелатоне ні старэйшай катэгорыі, ні малодшай MX2 тых, хто не ўпаў ні разу. Ну, можа толькі Ліам Эвертс, прадстаўнік Red Bull KTM Factory Racing у MX2, якога надзвычай складаныя надворныя ўмовы, здаецца, толькі паскорылі.

Бельгіец выйграў і кваліфікацыйную гонку ў суботу, і абедзве ў нядзелю (ну і Гран Пры заадно, вядома). Хаця хол-шоты ў яго атрымаліся не ўсе тры разы. Старт Ліам выйграў у кваліфікацыі і ў першым з нядзельных заездаў, у якім у яго на хвасце адразу павіснуў канкурэнт з Monster Energy Yamaha Factory MX2 Рык Элзінга.

Нідэрландца, аднак, хутка абышоў гоншчык Red Bull GASGAS Factory Racing Сімон Лангенфельдэр, адзін з фаварытаў сусветнай першасц, які ў выніку і фінішаваў другім амаль у шасці секундах ад Эвертса. Кінуць выклік немцу паспрабаваў быў канкурэнт з Nestaan Husqvarna Factory Racing Лукас Коэнэн, але ўпаў і падчас сваёй спробы, і потым цягам гонкі.

А вось у яго партнёра па камандзе і лідара чэмпіянату Кая дэ Вольфа, які напярэдадні кваліфікаваўся толькі дзясятым, справы ішлі лепей, і ён здолеў дабрацца да фінішу трэцім, хоць і ў палове хвіліны ад пераможца. На мокрым грунце не ідэальна выступіў і дзейны чэмпіён Андрэа Адама, партнёр Эвертса, але яго шостая фінішная пазіцыя ў тых умовах, што былі, выглядала не так і дрэнна.

Падчас першай гонкі траса была мокрай, але моцнага дажджу не было. Ён, аднак, прайшоў падчас першага заезду старэйшай катэгорыі MXGP, і быў даволі моцным. Таму наўрад ці хто зайздросціў і ўдзельнікам MX2, калі яны выйшлі на старт у другі раз. Ужо не на грунце, а на сапраўднай гразі хол-шот выйграў Элзінга, але Эвертс хутка абагнаў Рыка і цягам дыстанцыі адарваўся ад яго на 1 хвіліну 21 секунду!

На трасе месцамі ўтварыліся сапраўдныя лужыны, толькі іх пераадоленне патрабавала пэўнага майстэрства, не кажучы ўжо пра неабходнасць утрымліваць раўнавагу на слізкай калатушы. Аказалася, што якраз Эвертс такім майстэрствам валодае, хаця і той жа Элзінга здолеў утрымацца да фінішу на другой пазіцыі і нават застацца ў адным кругу з Ліамам, што атрымалася мала ў каго яшчэ.

У дэ Вольфа, напрыклад, не атрымалася – ён фінішаваў толькі дзявятым. Але хоць фінішваў, тады як Лангенфельдэр, які мог ізноў стаць другім, на першым жа кругу пры падзенні пашкодзіў ключыцу, і цяпер невядома, ці пабачым мы яго ў бліжэйшыя выхадныя ў Іспаніі. Яшчэ ў суботу праз траўму склаў зброю і гоншчык Monster Energy Triumph Racing Камдэн МакЛелан, але ў другой нядзельнай гонцы гонар каманды адстаяў Мікел Хааруп, які прышоў да фінішу трэцім.

На подыум жа Гран Пры Партугаліі разам з Эвертсам падняліся прадстаўнікі заводскай Ямахі. Той жа Элзінга, які ў першым заездзе стаў чацвёртым, па выніках этапу заняў другое месца, а трэцяе дасталася Цібольту Беністану, які ў гонках фінішаваў пятым і чацвёртым.

Эвертс пры гэтым уварваўся і ў першую тройку чэмпіянату, якую цяпер замыкае са 188-мю ачкамі. Лангенфельдэр, у якога 216 балаў, пакуль што застаўся другім, а лідзіруе па-ранейшаму дэ Вольф, у якога 246 ачкоў і які на этапе заняў чацвёртае месца. Сярод вытвоцаў у MX2 першая Husqvarna, якая мае 256 балаў, KTM з 243-ма ачкамі займае другую пазіцыю, на трэцяй GASGAS, у якога 218 ачкоў.

Сенсацыяй партугальскі этап фактычна скончыўся ў катэгорыі MXGP. Гразевай была таксама ўжо кваліфікацыйная гонка, падчас якой шмат каму, у тым ліку завадчаніну Хонды Ціму Гайсэру, прыйшлося рабіць піт-стопы для замены забруджаных візараў. І тады яшчэ лідару чэмпіянату і дзейнаму ўладальніку тытулу з заводскага калектыву GASGAS Хорхе Прада пашанцавала меней – іспанец фінішаваў толькі сёмым.

Ну а па поўнай праграме ўсім дасталася ў першай гонцы ў нядзелю. Прада стартаваў яўна не лепшым чынам, хаця спачатку нават прарваўся на чацвёртую пазіцыю. Толькі потым яму прыйшлося мяняць і маску, і пальчаткі, таму фінішаваў Хорхе пятнаццатым.

Гайсэр, насупраць, рэалізаваў перавагу першай стартавай пазіцыі і выйграў хол-шот. І адразу ў барацьбу ўключыліся яшчэ два чэмпіёны – Рамэн Фэвр з Kawasaki Racing Team і Джэфры Херлінгс з заводскай KTM. Прычым апошні, як і яго малодшы калега Эвертс, якраз выглядаў на гразі ці не найхутчэйшым, і за першы круг абагнаў і француза, і славенца, захапіўшы лідарства.

Цім, аднак, як мінімум не крытычна саступаў нідэрландцу ў тэмпе, дзякуючы чаму гэтая пара падарыла гледачам адну з найпрыгажэйшых дуэлей. На шостым кругу Гайсэр рашучай атакай па вонкавым радыусе здолеў вярнуць сабе першую пазіцыю і на пару секунд адарвацца ад Джэфры. Але той у сваю чаргу паспрабаваў спраўдзіць сваё неафіцыйнае імя Куля і пачаў набліжацца да славенца.

Скараціць адставанне Джэфры паспеў да меней чым дзвюх секунд, але тут і яго падвяла тэхніка, у выніку чаго і ён сышоў з дыстанцыі. Гэта дазволіла Гайсэру расслабіцца, бо Фэвр ужо быў далёка ззаду. А на апошнім кругу яшчэ і памыліўся, прапусціўшы наперад латвійца з каманды Standing Construct Honda MXGP Паўльса Йонаса, які тады яшчэ не ведаў, што яго чакае на гэтым Гран Пры і ад якога француз адстаў амаль на паўхвіліны, прытым што сам Йонас ад Гайсэра адстаў болей чым на сорак секунд.

Пераможцу першай гонцы не пашанцавала ўжо на старце другой – Гайсэр паваліўся ў першым павароце і ледзь не патрапіў пад колы супернікаў. Фэвр не паспеў аб’ехаць матацыкл Ціма і праехаўся па яго пярэднім крыле, зламаўшы яго. Што, дарэчы, потым дазволіла ідэнтыфікаваць Гайсэра сярод іншых, бо гразь трасы афарбавала ўсіх у адзін колер.

Хол-шот жа выйграў, практычна традыцыйна, Прада, але і ён упаў на першым жа кругу ў трэцім павароце! Як і Гайсэр, іспанец працягнуў гонку і нават здолеў фінішаваць дванаццатым, у дзвюх пазіцыях ззаду за Цімам. Ну а дамінатарам другога заезду быў Херлінгс, які пасля самаўхілення двух канкурэнтаў спакойна кантраляваў сітуацыю да самага фінішу, які першым і пабачыў.

Калі б не сход у першым заездзе, Джэфры, магчыма, і перамог бы на Гран Пры, а так заняў толькі дзявятае выніковае месца. Што лепей, чым трынаццатае Прада, але горш, чым трэцяе, нягледзячы на ўсе цяжкасці, Гайсэра. Ну а перамога пасля двух другіх пазіцый дасталася Йонасу – упершыню ў яго кар’еры ў прэм’ер-класе MXGP! Фэвр два разы фінішаваў трэцім, таму на подыуме стаяў на другой ступені.

А вось за Гайсэра ўзнагароду атрымліваў прадстаўнік каманды, бо Ціму, відаць, прыйшлося тэрмінова звяртацца да доктара. Затое з Агэды ён павёз з сабой чырвоную таблічку лідара чэмпіянату! У яго цяпер 252 ачкі супраць 238-мі ў Прада, які апусціўся на другую пазіцыю. Фэвр з 220-цю баламі па-ранейшаму трэці. Honda адначасова вырвалася ў лідары заліку вытворцаў і мае 267 ачкоў, GASGAS з 238-мю баламі цяпер на другой пазіцыі, у пяці балах перад Kawasaki, якая замыкае першую тройку.

У Іспаніі, як было адзначана вышэй, праз некалькі дзён пройдзе наступны этап, другі ў гэтай краіне ў бягучым сезоне. Першы, уласна Гран Пры Іспаніі, праходзіў у сакавіку ў Мадрыдзе, а Вялікі Прыз Галіцыі прыме Луга. Наш блог з дапамогай Тэлеграм-канала Honačnaja psichapatyja распавядзе пра ўсё самае цікавае. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты