Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Уся шматстатнасць серыі GT World Challenge Europe на этапе ў Брэндс-Хэтчы

Уся шматстатнасць серыі GT World Challenge Europe на этапе ў Брэндс-Хэтчы

Уся шматстатнасць серыі GT World Challenge Europe на этапе ў Брэндс-Хэтчы

Другі этап сезона GT World Challenge Europe прайшоў у фармаце Sprint з дзвюма асобнымі кароткімі гонкамі. Але і гадзіны ў кожнай хапіла, каб пабачыць усю прыгажосць гэтай серыі. Дый траса Брэндс-Хэтч напэўна гэтаму паспрыяла.

Легендарны брытанскі аўтадром некалі і Формулу 1 прымаў, хаця сучасным патрабаванням чэмпіянату свету па бяспецы ён, канечне, ужо не адпавядае. Затое кузаўныя гонкі, да якіх адносяцца і Gran Turismo, сюды прыязджаюць рэгулярна. У мінулы ўік-энд на Брэндс-Хэтч у чарговы раз завітала і серыя GT World Challenge Europe, каб правесці тут дзве гонкі другога этапу. Спойлер: атрымаліся абедзве, бо перамогі ў іх атрымалі два розныя экіпажы дзвюх розных каманд.

Абедзве, дарэчы, праходзілі ў нядзелю, хаця асобныя кваліфікацыі для кожнай адбыліся ў суботу. Першую выйграў чатырнаццаты экіпаж каманды Emil Frey Racing – Бэн Грын і Конста Лапалайнен. Брытанец потым праводзіў і стартавы адрэзак у першым заездзе, і выдатна справіўся з задачай, утрымаўшы першую пазіцыю.

Аднак свой намер адразу абазначыў і Дрыс Вантор, які працягвае выступаць з Шарлем Віртсам у трыццаць другім экіпажы Team WRT. Бельгійцы напярэдадні кваліфікаваліся трэцімі, але Вантор на першым жа кругу на сваёй BMW M4 GT3 апярэдзіў Маціа Друдзі на сёмым Aston Martin Vantage AMR GT3 EVO каманды Comtoyou Racing, на якім таксама выступае Нікалас Баэрт. Італьянцу, праўда, удалася аператыўная контратака, але пазней Вантор у апошнім павароце абагнаў яго канчаткова.

Сёмы экіпаж, дарэчы, забягаючы наперад, да фінішу не дабраўся. Ужо пасля піт-стопу Баэрт, спрабуючы абараніць трэцюю пазіцыю, выехаў за межы трасы і знёс рэкламны пенапластавы шчыт, адломкі якога, па ўсяму відаць, заблакавалі радыятар Астан Марціна, праз што матор аўтамабіля пачаў перагравацца, вымусіўшы Нікаласа спыніцца ў павароце Druids і сысці з дыстанцыі.

За перамогу ж у гонцы разварочвалася тактычная барацьба. І Друдзі, і Вантор чакалі зручнага моманту, каб наведаць боксы і перадаць свае машыны напарнікам. Абодва ў выніку ўсё роўна накіраваліся на піт-лэйн адразу ж, як толькі адкрылася акно для абавязковых піт-стопаў. Таму ўсё залежыла ўжо ад механікаў каманд, і ў Team WRT адпрацавалі лепей – трыццаць другая BMW M4 GT3 выехала на трасу перад чатырнаццатай Ferrari 296 GT3.

Лапалайнен, аднак, здавацца зусім не збіраўся і ўвесь час вісеў на заднім бамперы ў Віртса. Напэўна, і ў атаку раней ці пазней пайшоў бы, але яму пашанцавала меней, чым напарніку – падчас яго адрэзку гонка двойчы нейтралізавалася аўтамабілем бяспекі, і кожны раз праз непрыемнасці ў прадстаўнікоў Comtoyou Racing: спачатку праз апісаную вышэй у Баэрта, а бліжэй да фінішу – праз вылет з трасы Маціса Лісмонта, які дзеліць дваццаць пергую машыну з Джэймсам Джэйксам.

Тым не менш Лапалайнен не адставаў ад Віртса да самага фінішу, на якім адстаў ад бельгійца ўсяго на 0,633 секунды, заняўшы другое месца. Трэцімі гонку скончылі Мара Энгель і Лукас Аўэр з сорак восьмага экіпажа каманды Winward Racing Team, якія стартавалі пятымі. І менавіта яны сталі галоўнымі героямі другога заезду.

Яго нямецка-аўстрыйскі дуэт пачынаў ужо з поўлу, таму задача была яснай для абодвух гоншчыкаў. Аўэр, які ў гонцы стартаваў, з першай часткай гэтай задачы справіўся, абараніўшы першую пазіцыю. А потым у камандзе вырашылі максімальна адцягнуць піт-стоп, і жоўты Mercedes-AMG GT3 EVO завярнуў у боксы ледзь не апошнім з усіх.

Тактыка спрацавала, і ўжо Энгель выехаў на трасу лідарам. Канечне, адрыў ад пераследнікаў скараціўся, аднак, маючы перад сабой чыстую трасу, Мара здолеў трымаць высокі тэмп, тым больш што на гэты раз абышлося без сур’ёзных інцыдэнтаў і нейтралізацый. У выніку сорак восьмы экіпаж перамог з перавагай больш чым у дзве з паловай секунды перад тымі, хто заняў другое месца.

І гэта былі не Максіміліан Гётц і Жуль Гунон з дзявятага экіпажа Boutsen VDS, якія таксама выступаюць на Mercedes-AMG GT3 EVO і якія стартавалі другімі. Гунон таксама завітаў на піт-лэйн не ў першых шэрагах, але ў выпадку з ім і Гётцам такая тактыка не спрацавала, і наперадзе апынуўся Джакама Альтоэ з шэсцьдзесят дзявятага экіпажа Emil Frey Racing. У гэтай камандзе вырашылі правесці якраз ранні піт-стоп, таму Цьеры Вермюлен, які праодзіў стартавы адрэзак, быў першым, хто накіраваўся ў боксы.

Падрэзка гэтая, праўда, была найперш абарончай, бо Вермюлена ў яго змену прэсінгаваў Бэнджамін Гётэ на сто пяцьдзесят дзвявятым McLaren 720S GT3 EVO каманды Garage 59, якім таксама кіраваў Том Гамбл. Ім не пашанцавала на піт-стопе, які зацягнуўся і адкінуў Гёта і Гамбла на некалькі пазіцый назад. Ну а Вермюлен з Альтоэ не толькі ад іх у выніку адбіліся, але і апярэдзілі Гётца з Гунонам і занялі другое месца. Максіміліан і Жуль фінішавалі трэцімі.

Турнірная табліца пасля другога этапу серыі выглядае ўжо інакш. Team WRT з 33-ма ачкамі цяпер лідзіруюць у камандным заліку, а другое месца займаюць Winward Racing, у якіх 27 балаў, што ўсяго на два больш, чым у Emil Frey Racing, якія замыкаюць першую тройку. Аўэр і Энгель з 27-мю ачкамі ўзнавальваюць залік гоншчыкаў, на два балы апярэджваючы пераможцаў першага этапу ў Ле Кастэле Макса Хесэ, Дэніэла Харпера і Аўгусту Фарфуса, якім у сваю чаргу палову бала, ідучы трэцім, саступае Гунон.

У фармаце Sprint 17-19 мая пройдзе ў італьянскай Імале і трэці этап GT World Challenge Europe. Шмат гонак, і доўгіх, і кароткіх, пройдзе і ў гэтыя выхадныя, наш блог іх падрабязна разбярэ, а Тэлеграм-канала Honačnaja psichapatyja аператыўна паведаміць пра іх вынікі. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: Wise: нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты