Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Першая ў сезоне перамога Палоў на этапе IndyCar у Індыянапалісе

Першая ў сезоне перамога Палоў на этапе IndyCar у Індыянапалісе

Першая ў сезоне перамога Палоў на этапе IndyCar у Індыянапалісе

Фота: indycar.com

Дзейны чэмпіён амерыканскай формульнай серыі IndyCar Алекс Палоў выйграў першы ў гэтым сезоне этап – Гран Пры Сонсіа, што ў мінулыя выхадныя прайшоў на дарожнай версіі трасы ў Індыянапалісе. Выйграў, трэба прызнаць, у даволі спакойнай манеры і дзякуючы найперш стратэгіі.

Тыя, хто сочыць за галоўнымі заакіянскімі гонкамі з адкрытымі коламі, напэўна, заўважыць, што іспанец з Chip Ganassi Racing перамог таксама і ў гонцы на трасе The Thermal Club у каліфарнійскім Палм-Спрынгс. Так, але яна была пазазаліковай і ніяк не ўплывала на турнірнае становішча ў IndyCar, дый фармат яе выйшаў настолькі дзівосным, што наўрад ці задаволіў распешчаную прыгожымі шоў амерыканскую публіку.

Праўда, і гонку ў Індыянапалісе, што прайшла ў мінулую суботу і якраз была афіцыйным этапам серыі, таксама нельга было назваць такой ужо натхняльнай і падзейнай. Хаця Палоў, які пачынаў яе з поўлу, на старце дапусціў памылку ў першым павароце і прапусціў наперад канкурэнта з Rahal Letterman Lanigan Racing Крысціана Лундгаарда. Алекс у выніку апынуўся заціснутым паміж датчанінам і аўстралійцам з Team Penske Уілам Паўэрам, і апошні пасля першай хвалі піт-стопаў нават пачаў прэсінгаваць Палоў.

На дваццаць першым кругу ў сёмым павароце Паўэр нават апярэдзіў Палоў. Аднак Алекс вярнуў сабе лідарства пасля другой хвалі піт-стопаў, калі ён наведаў піт-роўд пазней за канкурэнтаў наперадзе, і захоўваў яго, фактычна, ужо да самага фінішу. Паўэр з Лундгаардам таксама размяняліся пазіцыямі не непасродна на трасе, а па выніках трэцяй і фінальнай хвалі піт-стопаў. У выніку Уіл фінішаваў другім, а Крысціан замкнуў першую тройку.

Палоў жа пасля гонкі ў Індыянапалісе быў задаволены не толькі перамогай у ёй, але і выхадам на першую пазіцыю ў чэмпіянаце. Ён мае 152 ачкі супраць 140-ка ў Паўэра, які застаецца другім. Партнёр Палоў па камандзе Скот Дзіксан, які ў мінулую суботу фінішаваў чацвёртым, у турнірнай табліцы падняўся на трэцюю пазіцыю і мае цяпер 127 балаў.

Пасля чацвёртага этапу ўдзельнікі IndyCar засталіся ў Індыянапалісе. Якраз у гэтыя дні праходзяць тэставыя сесіі перад цэнтральнай падзеяй усяго сезона – гонкай Indy 500, якая пройдзе 26 мая. У ёй падзей, напэўна, будзе паболей, пра галоўныя з іх раскажуць нашы блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Вы можаце падтрымаць «Гоначную псіхапатыю», што надзвычай важна: Wise: нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты