Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Вось вам і малодшыя! На першым этапе новага сезона ELMS у Барселоне перамаглі тыя, ад каго гэтага ніхто не чакаў

Вось вам і малодшыя! На першым этапе новага сезона ELMS у Барселоне перамаглі тыя, ад каго гэтага ніхто не чакаў

28 красавіка 2023, 00:35
Вось вам і малодшыя! На першым этапе новага сезона ELMS у Барселоне перамаглі тыя, ад каго гэтага ніхто не чакаў

Фота: ELMS

Да новага сезона Еўрапейскай серыі Ле Ман яе арганізатары падрыхтавалі нешта новае – выдзелілі ў асобную катэгорыю LMP2 Pro/Am экіпажы, у склад якіх уваходзяць сапраўдныя аматары, так званыя бронзавыя пілоты. Але перамагаць ім у абсалюце ніхто не забараняе, і Саліх Ёлук, Чарлі Іствуд і Луі Дэлетраз з трыццаць чацвёртага экіпажа Racing Team Turkey з таго самага заліку LMP2 Pro/Am зрабілі гэта ў мінулы ўік-энд у Барселоне.

Пакуль гоншчыкі займаюцца сваёй любімай справай, за тое, каб у іх была магчымасць рабіць гэта і каб бомбы не падалі на іх, сваімі жыццямі штодзённа плацяць украінцы. Пра гэта кожны дзень павінны памятаць усе, а ўдзельнікі еўрапейскіх спаборніцтваў – дык у першую чаргу. На Ўзброеныя сілы Украіны сёння спадзяюцца ўсе сумленныя людзі, у тым ліку мы, беларусы. Поспех нашых суседзяў патрэбны і нам. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Крок арганізатараў Еўрапейскай серыі Ле Ман, якая ў мінулую нядзелю правяла ў Барселоне сваю першую ў гэтым годзе гонку, ні ў якое параўнанне не ідзе з вар’яцтвам расійскага дыктатара, на якое ён пайшоў у мінулым годзе, але асабіста я разумею яго не надта. Залік LMP2 Pro/Am існуе, напрыклад, у WEC, і там экіпажы з яго разыгрываюць асобны чэмпіянат і атрымліваюць асобныя прызы. Але яны на роўных змагаюцца і з больш прафесійнымі канкурэнтамі і набіраюць ачкі ў адным заліку з імі.

У ELMS жа экіпажы Pro/Am у старэйшай катэгорыі прататыпаў LMP2 з гэтага года спаборнічаюць асобна, ачкі зарабляюць таксама асобна – нейкага аб’яднанага заліку не існуе. Пры гэтым тэхніка ў іх усё роўна аднолькавая, фармальна малодшы клас ніхто не запавольвае ніякім чынам. Таму не спаборнічаюць прадстаўнікі звычайнай LMP2 і LMP2 Pro/Am толькі фармальна, а фактычна – яшчэ як спаборнічаюць.

Так, для іх жа яшчэ і кваліфікацыі асобныя праводзяцца! Хаця тут нейкі сэнс у раздзяленні ўжо бачны, і згаданы ў самым пачатку трыццаць чацвёрты экіпаж Racing Team Turkey поўл выйграў толькі сярод LMP2 Pro/Am, а ў абсалюце стаў толькі восьмым. На першай жа стартавай пазіцыі апынуўся сорак сёмы экіпаж Cool Racing у складзе Уладзіслава Ломка, Рэшада дэ Жэруса і гоншчыка Таёты ў WEC Хасэ-Марыі Лопеса.

Пачатак гонкі не прадвяшчаў для іх нейкіх праблем, Ломка лідарства ўтрымаў. Праўда, і не адарваўся далёка ад пераследнікаў праз аварыю ў трэцім павароце, дзе развярнула прататып малодшай катэгорыі LMP3 – дванаццатую машыну каманды WTM by Rinaldi Racing, якая сабрала некалькі экіпажаў катэгорыі LMGTE. На трасу выехаў аўтамабіль бяспекі, а рэстарт быў дадзены прыкладна праз дваццаць хвілін, і на Ўладзіслава пачаў ціснуць Кіфін Сімпсан з дваццаць пятага экіпажа каманды Algarve Pro Racing, у якім таксама выступаюць Джэймс Ален і Алекс Лін. Іх супрацьстаянне хутка скончылася на карысць амерыканца, які выйшаў наперад.

Трыццаць чацвёрты экіпаж у сваю чаргу намаганнямі Ёлука ўтрымаў лідарства ў LMP2 Pro/Am і паступова абыходзіў экіпажы старэйшага класу. Іствуд, пасля таго, як турак перадаў стырно яму, працягнуў яго справу і неўзабаве падняўся на трэцюю пазіцыю абсалюту. Наперадзе заставалася толькі дваццаць пятая машына і трыццатая каманды Duqueine Team, на якой выступаюць Нікалас Піна, Рэнэ Біндэр і Ніл Джані. А хутка Іствуду дапамог Лаўрэнц Хёр, які разам з Полем Лафаргам і Полем-Люпам Шатэнам выступае ў дваццаць восьмым экіпажы IDEC Sport. Немец, спрабуючы вярнуцца ў круг з лідарам, сутыкнуўся з ім і адправіў яго ў гравій, дзе той і захрас.

Джэймс Ален пазней быў вызвалены маршаламі, але адкаціўся на дванаццатую пазіцыю і фактычна сам стаў кругавым адносна новага лідара, якім стаў Піна. Хутка пачалася чарговая хваля піт-стопаў, на якім Іствуд перадаў прататып Дэлетразу, і ўжо ён вывеў свой экіпаж у лідары не толькі LMP2 Pro/Am, а гонкі наогул.

Трыццаты экіпаж паступова адставаў, а для трыццаць чацвёртага ўсё складалася ледзь не ідэальна. Лёгкае пашкоджанне задняй правай часткі машыны, атрыманае раней у невялічкім кантакце з адным з прататыпаў United Autosports, Луі праблемай не здаваўся, а вось суддзям – здаўся, і адразу пасля фінальнага піт-стопа французу паказалі чорна-аранжавы сцяг, які загадваў яму наведаць боксы яшчэ раз для рамонту.

Нічога не зробіш – прыйшлося ехаць і аддаваць першую пазіцыю Джані. На шчасце, замена задняга кажуха заняла ўсяго дзесяць секунд, і швейцарцу, вярнуўшыся на трасу, Дэлетраз за дваццаць пяць хвілін да сканчэння часу гонкі саступаў усяго пяць секунд. І хутка гэтае адставанне скарачаў! Прыгожая барацьба за перамогу развярнулася літаральна на апошніх хвілінах і скончылася не меней прыгожым абгонам у выкананні гоншчыка Racing Team Turkey ў восьмым павароце. Каманда атрымала цалкам заслужаную перамогу, трыццаты экіпаж Duqueine Team заняў другое месца, трэцімі фінішавалі Франсуа Перадо, Мацьё Ваксів’ер і Бэн Барнікот з восемдзесят трэцяга экіпажа AF Corse, які таксама выступае ў LMP2 Pro/Am.

У LMP3 пераможцамі сталі гоншчыкі сямнаццатага экіпажа Cool Racing Адрыен Чыла, Маркас Зіберт і Алехандра Гарсія, якія… фінішавалі другімі! Пачыналі яны гонку з першай пазіцыі і лідзіравалі больш за палову дыстанцыі, толькі ў другой прапусціўшы наперад канкурэнтаў з трыццаць першага экіпажа каманды з гучнай назвай Racing Spirit of Leman – Жака Вольфа, Антані Дзюкіна і Фабіена Міхала, калі Дзюкін абагнаў Гарсію.

Але былыя лідары не здаліся, і правільна зрабілі. Зіберт пад канец гонкі літаральна вісеў на хвасце ў Дзюкіна, саступіўшы яму на фінішы ўсяго 0,4 секунды. А ўжо пасля сканчэння гонкі за піт-стоп у рэжыме жоўтых сцягоў па ўсёй трасе трыццаць першы экіпаж атрымаў ажно 105 штрафных секунд і апусціўся на трэцяе месца. Чыла, Зіберт і Гарсія, такім чынам, падняліся на першае, а другое занялі Мігель Крыштаван, Кай Аскі і Уаят Брыхачэк з трынаццатага экіпажа Inter Europol Competition.

Шаснаццаты экіпаж Proton Competition на Porsche 911 RSR-19 у складзе Раяна Хардвіка, Захары Рабішона і Алесіа Пікарыелы перамог у Барселоне ў катэгорыі LMGTE. У гонцы іх галоўнымі супернікамі сталі гоншчыкі пяцідзясятага экіпажа Formula Racing Джоні і Конрад Лаўрсэны і Мікел Мак на Ferrari 488 GT Evo, а таксама ўладальнікі поўлу Марцін Бэры, Ларкан Ханафін і Джон Ланкастэр на шэсцьдзесят шостай Ferrari каманды JMW Motorsport.

Прадстаўнікі Formula Racing былі вельмі хуткімі – стартаваўшы з сёмай пазіцыі, яны ўжо за першыя дзве гадзіны з чатырох прарваліся ў групу лідараў і змагаліся за перамогу. Проста Хардвік, Рабішон і Пікарыела былі хутчэй, але зусім крыху – на фінішы яны апярэдзілі дацкае трыа, якое заняло другое месца, меней чым на паўтары секунды. Ну а Бэры, Ханафіну і Ланкастэру не хапіла не толькі хуткасці, але і ўвагі – Марцін у пачатку гонкі адхапіў штрафны праезд па піт-лэйну за парушэнне працэдуры рэстарту (аўстраліец абагнаў суперніка да перасячэння стартавай лініі). Іх экіпаж замкнуў першую тройку.

Становішча ў турнірнай табліцы пасля першай гонкі сезона цалкам супадае з яе вынікамі ў кожнай з катэгорый. У так бы мовіць старэйшай LMP2 сярод каманд лідзіруе Duqueine Team, у якой 25 ачкоў, столькі ж, колькі і ў яе пілотаў, якія ўзначальваюць залік гоншчыкаў. Йоб ван Уйтэрт, Мануэль Мальданада і Тіймэн ван дэр Хельм з шэсцьдзесят пятага экіпажа Panis Racing у Барселоне фінішавалі толькі пятымі ў абсалюце, што не перашкаджае ім займаць з 18-цю баламі другую пазіцыю, як і іх камандзе ў адпаведным заліку. Што, на маю думку, не надта чэсна ў адносінах да тых, хто іх апярэдзіў, але каму не пашчасціла апынуцца ў LMP2 Pro/Am. Замыкаюць першую тройку Хёр, Лафарг і Шатэн, якія прыйшлі да фінішу толькі шостымі. У іх 15 ачкоў, як і ў іх каманды IDEC Sport, якая таксама трэцяя.

Клас LMP2 Pro/Am цяпер нават хочацца лічыць старэйшым, бо яго прадстаўнікі з Racing Team Turkey перамаглі ў абсалюце і заслужана лідзіруюць у чэмпіянаце сярод непасродных канкурэнтаў, маючы 26 ачкоў і ў камандным, і ў асабістым заліку. AF Corse і Барнікот з Перадо і Ваксів’ерам, у якіх 18 ачкоў, на другіх пазіцыях. Замыкаюць першую тройку Александр Куані, Мальтэ Якабсэн і Нікаля Лап’ер і Cool Racing – шэсцьдзесят пяты экіпаж фінішаваў чацвёртым і, як і каманда, мае 15 балаў.

Затое Cool Racing з Чыла, Гарсіяй і Зібертам лідзіруюць сярод каманд і гоншчыкаў LMP3, у іх 26 балаў. Inter Europol Competition і Аскі, Крыштаван і Брыхачэк з 18-цю баламі другія, Racing Spirit of Leman і Дзюкін з Міхалам і Вольфам, у якіх 15 ачкоў, замыкаюць першыя тройкі ў дзвюх катэгорыях.

Нарэшце, Proton Competition з Пікарыелай, Хардвікам і Рабішонам першыя сярод каманд і гоншчыкаў LMGTE, яны маюць 25 ачкоў. Formula Racing, Лаўрсэны і Мак з 18-цю баламі на другіх пазіцыях, JMW Motorsport з Бэры, Ханафінам і Ланкастэрам трэція, у іх 16 балаў.

Юбілейны дваццаты сезон ELMS мусіў быў ужо ў маі працягнуцца на Аўтадроме імя Энца і Дзіна Ферары ў Імале, але рэканструкцыя на трасе зацягнулася. Гонка на ёй некалькі разоў пераносілася, а потым наогул была адмененая. Замест яе ў канцы сезона два этапы прыме траса Альгарвэ ў Парцімане. Ну а другі этап ELMS пройдзе толькі пасля сутачнага марафону ў Ле Мане, ажно ў 14-16 ліпеня на трасе Поль Рыкар у Ле Кастэле. Затое ўжо ў бліжэйшую суботу ў Спа свой трэці этап правядзе чэмпіянат свету па аўтагонках на цягавітасць.

Іншыя пасты блога

Усе пасты