Усе навіны

Нарвежскі каментатар Уэлхейвен: «Няправільна адмаўляць Б’ёрндалену ў праве жыць у Беларусі. Ён падзяляе спорт і палітыку»

17 лістапада, 20:51

Нарвежскі спартыўны журналіст Лейф Уэлхейвен пракаментаваў «Зеркалу» выказванне біятланіста Уле Эйнара Б’ёрндалена пра жыццё ў Беларусі.

– Як ставіцеся да таго, што сям’я Уле Эйнара зараз жыве ў Беларусі і яны не заўважаюць вайну?

– Ведаеце, я быў дастаткова крытычны, калі Б’ёрндален стаў трэніраваць зборную Кітая (Б’ёрндален і Домрачава працавалі ў Кітаі з восені 2019 года і кіравалі біятланістамі з гэтай краіны на Алімпіядзе 2022 года ў Пекіне. – Заўв. рэд.). Як я зразумеў, Уле Эйнар перабраўся на дадзеным этапе ў Беларусь у сувязі з асабістымі абставінамі (другое дзіця ў пары нарадзілася ў Мінску. – заўв.) Домрачава ж з Беларусі. Было б няправільна адмаўляць Б’ёрндалену ў праве жыць там. Так што да пэўнай ступені магу зразумець ягонае рашэньне. Іншая справа, хто і як кіруе вашай краінай. Гэта выклікае турботу. Беларусь – саюзнік Расіі, дзе таксама кіруе дыктатар.

– У Нарвегіі Б’ёрндалена папракалі за знаходжанне ў Беларусі?

– Не. Прынамсі, я не бачыў [такіх папрокаў]. Яго больш крытыкавалі за рашэнне працаваць у Кітаі. Але на працягу доўгага часу, калі не ўвесь час, Уле Эйнар моцна імкнецца падзяляць палітыку і спорт. Гэта ён сказаў і аб працы ў Кітаі – маўляў, ён там быў толькі з-за біятлону, а ўсё, што не тычыцца спорту, не мае да яго дачынення. Некаторыя атлеты, трэнеры прытрымліваюцца аналагічнай пазіцыі. На іх думку, спорт павінен быць аўтаномным замест таго, каб разглядацца ў шырэйшым разрэзе.

– Гэта магчыма? З аднаго боку, выяўляць чалавечнасць, праяўляць эмпатыю, а з другога – сцвярджаць, што спорт сам па сабе?

– Цяжкае пытанне. Нават у ідэальным свеце складана ўявіць, што спорт толькі аб’ядноўвае людзей. Калі паглядзець на гісторыю, то ў розныя гады спорт, арганізацыя найбуйных спартыўных падзей выкарыстоўваліся рознымі рэжымамі ў сваіх мэтах.

Нездарма паўстаў тэрмін sportswashing (адмыванне рэпутацыі з дапамогай спорту. – заўв.). Катар шмат крытыкавалі за парушэнне правоў чалавека, але краіне даверылі чэмпіянат свету па футболе ў 2022 годзе. У Саудаўскай Аравіі зараз моцная футбольная ліга за кошт запрашэння замежнікаў і, здаецца, адбудзецца мундыяль у 2034-м. Так што я не лічу, што рэальна аддзяляць спорт ад палітыкі, – сказаў Уэлхейвен.