Усе навіны

Лучніца Казлоўская: «Дайшла да такой кропкі, што проста не вытрымлівала: ці сыходзіць зараз, ці проста сарвуся і невядома, што будзе потым»

18 лістапада, 12:32

Экс-лучніца зборнай Беларусі Карына Казлоўская ў інтэрв'ю тэлеграм-каналу «О, спорт! Ты – мир!» расказала пра канфлікт з трэнерам клуба.

– Вы – член зборнай Польшчы па стральбе з лука...

– Так, і, дарэчы, літаральна тыдзень таму былі апублікаваныя спісы зборнай на першую палову 2024 года – тых, хто будзе ўдзельнічаць у зборах, ездзіць на спаборніцтвах. Я там таксама ёсьць. Памятаю, трэнер клуба крычаў, што раз я збіраюся на бальнічны, то не прыму ўдзел у спаборніцтвах, не патраплю ў «нацыяналку», а гэта для яго вельмі важна. Але, як бачым, гэта мне не перашкодзіла аказацца ў складзе. Што думае наконт гэтага трэнер, я не ведаю.

– Наколькі ведаю, разбіральніцтвы з галоўным трэнерам клуба перайшлі ў судовую плоскасць.

– Сітуацыя развівалася наступным чынам. Стаміўшыся трываць такое стаўленне, прыйшла з заявай пра звальненне па дамове бакоў, хацела ў верасні растацца палюбоўна. Трэнер сказаў, што не адпусціць мяне – трэба адпрацаваць яшчэ два месяцы. Але я не хацела яшчэ цярпець столькі, таму што дайшла да такой кропкі, што ўсё, ужо проста не вытрымлівала: ці сыходзіць зараз, ці я проста сарвуся і невядома, што будзе потым. Так што прыняла рашэнне сыходзіць, аб чым яму і паведаміла.

Па дамове бакоў можна сысці раней, нічога нікому не выплачваючы. Трэнер быў нязгодны. Тады я сказала, што дашлю яму іншую заяву, ужо па пошце. У іншай заяве напісала, што прашу мяне звольніць па артыкуле 55 працоўнага кодэкса Польшчы на падставе таго, што працадаўца не ўносіў за мяне страхавыя ўнёскі. Я ведала пра гэта і раней, але не надавала значэння, Лях сам усё вырашаў, як яму было патрэбна. Увогуле, даслала яму ліст, і па гэтым артыкуле мяне павінны былі звольніць адразу ж. Але і тут трэнер не захацеў падпісваць [заяву], а звольніў па артыкуле за прагулы. Як атрымалася? Я знаходзілася 40 дзён на бальнічным, пасля яго заканчэння ён мяне афіцыйна павінен быў адправіць у медыцынскую ўстанову па допуск да працы. Але ён гэтага не зрабіў, а пачакаўшы пяць дзён, звольнілі за прагулы, нібыта я сама не хадзіла на трэніроўкі. І, груба кажучы, у працоўнай кніжцы (у Польшчы гэта świadectwo pracy, куды ўносяцца ўсе запісы і дадзеныя аб працаўладкаванні) запісана, што я звольнена за дысцыплінарныя парушэнні. Не ведаю, як яму ўдаецца ўсё гэта пракручваць, але вось ён робіць так, як яму хочацца. Можа, за кошт аўтарытэту, можа, таму што ў яго сувязі ва ўрадзе Жывеца.

Цяпер я падала на яго ў суд з патрабаваннем змяніць артыкул, па якім звольненая. Адправіла апавяшчэнне трэнеру з патрабаваннем змяніць запіс у świadectwo pracy. Калі ён гэтага не зробіць, дык пайду ў суд. Але ён ліст на пошце нават не забраў. Ну, будзе здзіўлены, калі яго выклічуць у суд.

Што да грошай, якія ён недаплачваў і якія мне належылі, то, як сказаў мне юрыст, з гэтым трэба пачакаць, падзяліць на два працэсы. Спачатку трэба, каб мне змянілі ўсе запісы ў дакументах, а ўжо потым прад'яўляць фінансавыя прэтэнзіі. Гэта працяглы працэс, але з гэтай нагоды я таксама пайду ў суд, – сказала Казлоўская.